«Убачыць» карціну рукамі — BEREZA.BY

Хтосьці можа сказаць, што ў жыхароў вялікіх гарадоў ёсць больш магчымасцей скарыстацца культурна-дасугавымі паслугамі, напрыклад, пазнаёміцца з нейкім цікавым музейным праектам, адкрыць новае імя творцы.

Але можна зламаць стэрэатып думкі і паспрабаваць знайсці кантакт непасрэдна з мастаком, як зрабіла гэта дырэктар Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Таццяна Леванюк. Напачатку года яна наведала Літаратурны музей Максіма Багдановіча ў Мінску, дзе яе ўразіла незвычайная экспазіцыя сталічнага мастака, члена Беларускага саюза мастакоў Васіля Зянько. Жаданне перанесці дзіўныя карціны ў выставачную залу Галерэі мастацтваў у Бярозе, адкрыць землякам новае імя творцы падсілкавалася яшчэ адным важным фактам – удзелам у арт-праекце вядомага беларускага паэта Алеся Разанава, ураджэнца вёскі Сялец Бярозаўскага раёна.

Дарэчы, у Галерэі мастацтваў з 2019 года дзейнічае экспазіцыя “Вытокі літаратурнага майстэрства”, дзе адзін з дванаццаці стэндаў прысвечаны творчасці таленавітага земляка, які ў сучаснай беларускай і еўрапейскай паэзіі займае асобнае месца як паэт-філосаф, творца новых слоў, вершаваных форм-версэтаў, квантэм, пункціраў. Паэт ахвотна адгукнуўся на наватарскую ідэю маладога мастака – стварэнне карцін, дзе злучаліся б жывапіс і літаратурныя тэксты, і каб іх змаглі “убачыць” людзі з дрэнным зрокам і сляпыя.

Менавіта радкі, глыбокія думкі і вобразы твораў Алеся Разанава і класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча разгарнулі прастору для творчага пошуку і самавыяўлення мастаку Васілю Зянько, ураджэнцу г. Стаўбцы Мінскай вобласці, выпускніку Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. За апошнія гады ён рэалізаваў каля дваццаці персанальных арт-праектаў, адзін з іх інклюзіўны – экспазіцыя з трынаццаці тактыльных жывапісных твораў “Паэзія кропак…”, якая стваралася на працягу года і прэзентавалася ў Нацыянальным мастацкім музеі ў рамках сімпозіума “Інавацыйныя практыкі ў музеі” як творчы праект Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. У рамках акцыі “Ноч музеяў – 2021” выстава перамясцілася ў прасторную Галерэю мастацтваў г. Бярозы, дзе яе адкрылі для наведвальнікаў сам мастак і загадчык навукова-асветніцкага аддзела сталічнага музея Юлія Мацук.

Васіль Зянько ахвотна і захапляльна расказаў аб сваёй рабоце над праектам, у якім скарыстаўся аўтарскай тэхнікай пісьма – фактурнай, рэльефнай, распрацаванай ім даўно. Розныя па колеры гарманічныя палотны падобныя ў адным: у верхнім левым кутку кожнага з іх выступаюць мазкі-кропкі з тэкстамі вершаў Алеся Разанава і Максіма Багдановіча, перакладзеныя сяброўкаю мастака з Мінска Марыяй Рудко на шрыфт Брайля, з прытрымліваннем міжнародных стандартаў. Чалавек з праблемамі зроку спачатку “прачытвае” кончыкамі пальцаў разанаўскія пункціры-мініяцюры, паглыбляецца ў роздумы аб паэтычным вобразе, які адлюстраваны жывапісна, і праз нейкі час “бачыць” квітнеючую вішню, калючы асот, з якім пасябравала пчала, спелую грушу, якую смакуе аса, бялюткага матылька, што сеў на куст квяцістага фіялетавага бэзу, і сам стаў падобны да пяшчотнай кветцы. Ярка ажыве знаёмая нам летняя карцінка беларускага пейзажу, што ўмясцілася ў лаканічным паэтычным радку: “Ускрай маладога жыта сінія васількі – сінія буквіцы ў кнізе лета”. Запомніцца карціна “Ластаўкі”, любімая самім аўтарам: на правады прыселі чорныя птушкі з белымі грудкамі, як ноты музычнага стана, магчыма, перад навальніцай. Так мастак увёў у прастору шэра-блакітнага палатна наступны пункцір Алеся Разанава: “Датуль і адсюль: абселі сюітаю ластаўкі правады”.

Яшчэ для шасці сваіх карцін Васіль Зянько ўзяў за літаратурную аснову ўрыўкі з вершаў Максіма Багдановіча (любімага паэта са школы): “Варона і Чыж”, “Калі паласа агнявая”, “Страцім-лебедзь”, “Па-над белым пухам вішняў”, “Гутарка з паненкамі”, “Дзесь у хмарах жывуць павукі”. Сярод рэльефных контураў, пераплеценых ліній, што ствараюць аб’ёмны арнамент, ажываюць паэтычныя вобразы сумнай каралеўны ў садзе, сэрца якой жадае любові, нахабнай Вароны і Чыжа-падхаліма, ахвярнага Страцім-лебедзя – моцнага, гордага птаха з трагічным лёсам, маленькай клапатлівай ластаўкі, якая для сваіх птушанят так па-майстэрску зляпіла з бруду “гняздзечка міленькае”, дзе яны пачуваюць сябе паненкамі. Мастаку-прафесіяналу, напэўна, нескладана намаляваць птушку, кветку, але ж, каб перадаць паэтычны вобраз, алегорыю, трэба любіць і ўмець чытаць і разумець паэзію, як робіць гэта таленавіты мастак.

Госць з задавальненнем пазнаёміўся з мясцовай літаратурнай экспазіцыяй, творчасцю іншых бярозаўскіх майстроў слова, зацікавіўся творамі Ніны Мацяш, яшчэ адной вядомай у Беларусі і за яе межамі паэткі з Бярозаўшчыны, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова. А паколькі ў назве праекта “Паэзія кропак…” стаіць шматкроп’е і мастак плануе яго працягваць, ёсць шанс убачыць у ім і яе імя.

Штогод бярозаўскія музейшчыкі рыхтуюць да васямнаццаці выстаў, у тым ліку выязных, і ад чатырох да шасці – аўтарскіх, персанальных. Выстава такцільных карцін, выкананых ва ўнікальнай тэхніцы, адаптаваная для людзей з праблемамі зроку, сляпых, упершыню ладзіцца ў Бярозе. Яна дае магчымасць ім адчуць сябе паўнапраўнымі наведвальнікамі, “убачыць” яркія, рознакаляровыя карціны Васіля Зянько рукамі, а таксама зачаравацца іх прыгажосцю і гармоніяй, як і відушчым, сэрцам.

Ала ДРАГАН, супрацоўнік Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Подписывайтесь на нас в Telegram!

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Поделиться

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: