Раіса Баравікова расказала пра сувязь з бярозаўскай зямлёй — BEREZA.BY

Наша знакамітая зямлячка Раіса Андрэеўна Баравiкова нарадзілася ў 1947 годзе ў вёсцы Пешкі Бярозаўскага раёна. Скончыла Літаратурны інстытут імя Горкага ў Маскве. Паэт, празаік, перакладчык, аўтар шматлікіх кніг паэзіі і прозы, кніг для дзяцей. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова і Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы. Жыве ў Мінску. Напярэдадні Дня пісьменства на Брэстчыне яна пагадзілася даць інтэрв’ю газеце “Маяк”, дзе калісьці былі апублікаваны яе першыя вершы.

– Раіса Андрэеўна, Вы часта ў сваіх інтэрвʼю і на сустрэчах з чытачамі ўспамінаеце сваю малую радзіму – вёску Пешкі і асабліва Бярозу, дзе праходзіла Ваша сталенне і дзе Вы ўпершыню адчулі сябе паэтам, акунуліся ў стыхію творчасці, сустрэлі сяброў па паэтычным цэху. Вы па-ранейшаму адчуваеце духоўную сувязь з бярозаўскай зямлёй, людзьмі, прыродай?

– Мама мне расказвала, што, калі я нарадзілася, мяне хацелі назваць Рымай. Павязлі хрысціць у царкву ў Чарнякова. Бацюшка пачаў шукаць гэтае імя ў сваіх царкоўных кнігах і не знайшоў, сказаў бацькам, маўляў, давайце другое імя. І тут убегла ў пакой жанчынка: “Бацюшка, бацюшка, у садзе яблынька маладзенькая расцвіла, райка!..” Бацюшка і параіў бацькам назваць мяне Раей. Але я не пра сваё імя, а пра Бярозаўшчыну і, безумоўна, найперш пра Пешкі, якія заўжды былі і ёсць для мяне ўвасабленнем нейкага самага сапраўднага зямнога раю з прыгожымі, працавітымі людзьмі, з хараством прыроды, з вішнякамі, маліннікамі і сунічнымі палянкамі, з якіх выткаўся ў маёй душы не адзін дзясятак вершаў, так ці інакш звязаных з Бярозаўшчынай – краем майго творчага пачатку і ўвогуле пачатку ва ўсіх адносінах.

– У праграме Навума Гальпяровіча “Суразмоўцы” Вы казалі пра тры стыхіі – пачуцці, розум і слова – як аб абавязковай умове паэтычнай творчасці. І ўсё ж, што з гэтых трох стыхій павінна вяршынстваваць, што робіць верш фактам Паэзіі?

– Мяркую, што пачуцці – самыя розныя, а іх, пагадзіцеся, безліч. Кожны чалавек сплецены з пачуццяў, але не кожнаму даецца адчуваць момант натхнення – нейкай дадатковай энергіі звыш. Нездарма кажуць, што талент – пацалунак Божы. Даўным-даўно класік нашай Паэзіі Канстанцыя Антонаўна Буйло мне казала: “Ведаеш, як я вызначаю Паэт перада мною ці не? Вось слухаю паэта, і, калі на нейкім яго радку ў мяне прабягаюць дрыжыкі па скуры, значыцца – Паэт!” Якую ж сілу павінна мець пачуццё, укладзенае ў радок, каб выклікаць дрыжыкі на скуры слухача, іншымі словамі, працяць яго моцай сваёй энергіі, якая ўжо напэўна мяжуецца з законамі фізікі… Помню, у шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя нават плынь такая была – фізікі-лірыкі. Вядомыя навукоўцы неймаверна цікавіліся Паэзіяй. І Паэзія не проста зачароўвала іх. Ёсць нейкі вельмі вялікі сакрэт у сапраўднай Паэзіі.

– Для Вашых чытачоў і прыхільнікаў Вы паэтка, якая апявае пачуццё кахання. А як бы Вы самі вызначылі створанае Вамі па ступені важнасці, значнасці? Што для Вас паэтычная творчасць – пакліканне, патрэба, справа жыцця, звычка, паветра, без якога немагчыма дыхаць?

– Думаю, што хутчэй за ўсё – справа ўсяго жыцця. Так ужо атрымалася, што ў мяне нават адукацыйны дыплом з пазнакай: літаратурная праца. А што да ступені важнасці і значнасці, пісьменніку неяк не этычна разважаць пра гэта, ацэньваць створанае. Тут галоўны ацэншчык – час. Бывае аўтар напіша дзясяткі кніг, а калі памірае, разам з ім паміраюць і яго кнігі. Новым пакаленням чытачоў яны нецікавыя. Здараецца і наадварот. Пры жыцці творца можа выдаць адзін-адзіны томік вершаў і застацца ў той ці іншай літаратуры класікам на доўгія-доўгія часы. Яго паэзія аказваецца прымальнай для любых пакаленняў і часоў. Прыкладам можа быць наш Максім Багдановіч, ён – самы любімы наш Паэт-класік. Ну і ўсё ж паспрабую вярнуцца да важнасці і значнасці, дзе адказам могуць быць радкі вялікага рускага Паэта-класіка Аляксандра Пушкіна: “И долго буду тем любезен я народу, что чувства добрые я лирой пробуждал…». Можаце палічыць гэта жаночым какецтвам, але мяркую, што і мая лірыка абуджае ў людзях самыя добрыя пачуцці.

– Чаму апошнія гады менавіта кнігі для дзяцей выйшлі ў Вашай творчасці на першы план? Над чым зараз працуе паэт і пісьменнік Раіса Баравікова?

– Паэзію часам называюць вясной літаратуры. Але няма вечнай вясны. Наступае такая пара, калі ўжо не адчуваеш ранейшай маладой натхнёнасці. Якраз тады і хочацца зазірнуць у нейкі іншы літаратурны жанр. Я паспрабавала сябе і ў прозе, і ў драматургіі, і ў мастацкім перакладзе, а калі дайшла да дзіцячай літаратуры, адчула нейкае другое дыханне ў сабе, што даўно-даўно жыло ўва мне. Гэтае зярнятка пасеяла ў маёй душы ў такім ужо далёкім маленстве мая незабыўная любімая бабуля Галена, якая ўсё сваё жыццё пражыла ў Пешках. Яна ведала многа казак, а найбольш – неверагодных, проста містычна-фантазійных чароўных показак, якія з яе вуснаў гучалі выключнай праўдзівасцю. Я зачароўвалася, літаральна патанала ў гэтым магічным свеце і глыбока верыла кожнай неверагоднасці. Гэта была вельмі шчаслівая для мяне пара. І вось праз гады ўжо ў вельмі сталым узросце мне схацелася пабыць той зачараванай дзяўчынкай. Калі Вы мне задалі пытанне пра мае кнігі для дзяцей, значыцца, гэта ў мяне атрымалася. Прачнулася тая зачараваная дзяўчынка, успомніла, пачула бабулін голас і… пачала пісаць казачныя кнігі для дзяцей. А сённяшнім днём, цяпер, я вярнулася да паэзіі. Так склаліся абставіны. Адклала ўсе задумкі на потым і пішу вершы…

З класікам гутарыла Маргарыта ГАРАВАЯ

Фота з архіва Раісы БАРАВІКОВАЙ

Подписывайтесь на нас в Telegram!

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Поделиться

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: