Выйшла ў свет новая кніга ураджэнца Бярозаўскага раёна Міхаіла Шыманскага — BEREZA.BY

Вядомы беларускі публіцыст, пісьменнік і журналіст Міхаіл Шыманскі, які аддаў журналістыцы 75 гадоў, друкавацца пачаў у 1950-я гады ў Бярозаўскай раённай газеце “Пламя”. З тых самых часоў ён цесна супрацоўнічае з нашым выданнем, наш верны і цікавы сябар, уважлівы чытач і аўтар. І цяпер, на заслужаным адпачынку, працягвае працаваць са словам. З-пад пяра заслужанага работніка культуры БССР, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва ў выдавецтве “Адукацыя і выхаванне” выйшла кніга “Я зноў перажыў вайну”.

Адразу падкрэслю галоўнае: аснову кні­гі складае цыкл нарысаў-успамінаў “Усю­ды была вайна”, тэма якіх вельмі балю­чая і вострая – дзеці вайны. Ён пачаў друкавацца на старонках газеты “Ма­як” у чэрвені 2021 года ў рамках сумес­нага творчага праекта. За гэты цыкл на­рысаў Міхаіл Шыманскі стаў лаўрэатам ХVIII Нацыянальнага конкурсу Міністэр­ства інфармацыі Рэспублікі Беларусь “За­латая літара”. З 15 кастрычніка 2022 го­да газета друкавала другі цыкл нарысаў пад агульнай назвай “Памятаем, каб не паўтарылася”.

Кніга “Я зноў перажыў вайну” ўнікаль­ная. Вельмі сімвалічна, што яна з’явілася ў год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Міхаіл Шыманскі, дзіця вайны, праз асабістыя ўспаміны, успаміны яго бацькоў, сястры Марыі, жыхароў роднай вёскі Пешкі рас­павядае пра перажытае ў час нямецкай акупацыі і незабытае, пра цяжкiя выпра­баваннi яго сямʼi i аднавяскоўцаў.

– Канешне, асноўнае месца ў маіх апо­ведах займае асабістае – успаміны мае, маіх родзічаў, суседзяў. Але я стараўся ар­ганічна ўвязаць некаторыя факты і падзеі з агульным беларускага народа. Бо тое страшнае, што перажыў хлопчык Мі­ша ў сваіх родных Пешках, выпала на до­лю многіх тысяч яго равеснікаў. Значыць, у пэўнай меры асабістае тут ужо набы­вае грамадскае гучанне, – гаворыць Мі­хаіл Мікалаевіч.

Кніга падзелена на наступныя раздзе­лы: “Страх і трывога ў родных Пешках”, “Бясконцыя пакуты”, “Ад сэрца да сэр­ца”. У першым нарысе “Чорныя крыжы ў небе” Міхаіл Шыманскі ўспамінае, калі ў Пешкі прыйшла вайна. Мясцовыя жан­чыны і мужчыны, дарослыя і дзеці, ня­моглыя старыя – усе выйшлі са сваіх хат і шапталі: “Вайна, вайна…” Страх усё больш ахопліваў людзей, але яны не ха­целі ў гэта верыць. Аўтар успамінае, як на вёску абрынуўся нейкі дзікі гул. “Колькі гадоў мінула з той пары, а быццам і ця­пер бачу неба над Пешкамі, у якім мно­га-многа самалётаў. Жахлівае відовішча скаланула нас усіх. Мы стаім, нібы зняме­лыя, і не можам адвесці позірк ад неба.Самалёты здаюцца нам чорнымі кры­жамі. Мноства крыжоў над самымі Пеш­камі перакрэслілі летнюю сінь… У той дзень мы зразумелі: вайна прыйшла да нас. Яна падала свой страшны голас з не­ба…”, – такім убачыў першы дзень вайны шасцігадовы хлопчык Міша.

Успамiны, якiя прыведзены ў кнiзе, вельмі цяжкія, з пякучым болем і гор­кім смуткам, якія адчувае аўтар і за­раз праз 80 гадоў пасля заканчэння вай­ны. Напрыклад, гiсторыя пра белару­скую дзяўчынку i палiцая. Здраднiк вёз яе на раме веласiпеда, а тая цiха плакала. Жыць ёй заставалася ўсяго некалькi хвiлiн: палiцай расстраляў яе ў прыдарож­най канаве. Альбо дзень 7 кастрычніка 1943 года, калі гітлераўцы агнём знішчылі палову вёскі, у тым ліку ад хаты сям’і Шы­манскіх засталося адно папялішча.

І яшчэ шмат жудасных успамінаў – у кнізе апiсваюцца падзеi з чэрвеня 1941 года да вясны 1944-га.

І ўсё ж выдаваліся хвіліны, гадзіны, “напоўненыя трапяткім хваляваннем і светлай радасцю” – такія ўспаміны звя­заны ў Міхаіла Шыманскага з кнігамі і чытаннем, прага да якога асабліва моц­на ахапіла хлопчыка ў гады Вялікай Ай­чыннай вайны. На пачатку вайны баць­ка Мікалай Цімафеевіч са станцыі Брон­ная Гара, куды яго пагналі немцы на ле­санарыхтоўку, прынёс сыну паўмеха кніг. “Імгненна я ля таго меха, развязваю яго – і не веру сваім вачам: столькі кніг, столькі кніг! Ніколі раней нават і не думаў, што іх можа быць так многа ў адным месцы. Але гэта не сон, бяру кнігі ў рукі, разглядаю. Неверагодна, той момант, калі я ўбачыў столькі кніг і мог браць любую, застаўся ў маёй свядомасці назаўсёды. Такое вось глыбокае ўзрушэнне маёй душы і маёй памяці. Мо гэта добрая воля Усявышня­га – з маленства і на ўсё жыццё злучыць мяне з найвялікшым цудам свету, імя якому – Кніга”, – піша Міхаіл Шыманскі.

Вельмі станоўча ацэньвае кнігу стар­шыня праўлення Беларускага фонду міру Максім Місько. У прадмове да кнігі ён пі­ша: “Міхаіл Шыманскі амаль 40 гадоў за­пар супрацоўнічае з Беларускім фондам міру. І выконвае гэтую работу надзвычай адказна, добрасумленна, плённа. Доў­гі час ён з’яўляўся намеснікам старшыні праўлення фонду. Тое, што зрабіў і робіць Міхаіл Мікалаевіч для папулярызацыі шматбаковай дзейнасці фонду, нават і пералічыць немагчыма. Усё, чым жывуць беларускія міратворцы, як працуюць, апісана ў творах таленавітага беларуска­га журналіста”.

Цэлы раздзел у кнізе прысвечаны шматграннай дзейнасці Беларускага фонду міру. “Яны сэрцам і розумам ад­чуваюць важнасць і значэнне работы міратворцаў. Для іх дабрыня, спагада, міласэрнасць – маральнае крэда. Для іх Радзіма – вышэй за ўсё. Яны займаюцца міратворствам не за грошы, а па закліку сваіх сэрцаў, свайго сумлення”.

Хочацца адзначыць высокі прафесія­налізм і адказныя адносіны да выдання кнігі супрацоўнікаў выдавецтва “Адука­цыя і выхаванне” (дырэктар – Валянцін Навагродскі). “Чытаем кнігу і разумеем, шо супрацоўнікі выдавецтва глыбока су­перажываюць разам з аўтарам тое, пра што ён успамінае. І гэта яшчэ больш уз­мацняе інтарэс да кнігі, яе грамадскае гу­чанне. Вельмі хвалююча аформлена кні­га, напрыклад, вокладка. Пранікнёны по­зірк хлопчыка на фоне разбуранай хаты. Быццам ён пытае: “За што гэта? Чаму нямецкія зверы спалілі дашчэнту вёску і маю родную хату?” Усё разам: змест кнігі, хвалюючыя ўспаміны аўтара, афармлен­не – дазваляе больш глыбока ўспрымаць тыя падзеі, пра якія ўспамінае Міхаіл Шы­манскі, тую надзвычай актуальную падзею, да якой прымеркавана выданне – 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямец­ка-фашысцкіх захопнікаў”, – так сказана ў лісце-падзяцы кіраўніцтву выдавецтва ад калектыву Боркаўскай сярэдняй школы, у якой з 1 па 7 клас вучыўся і сам аўтар кнігі. У трэцім раздзеле кнігі “Ад сэрца да сэ­рца” дырэктар Боркаўскай сярэдняй шко­лы Віктар Галабурда падкрэслівае: “Роз­дум Міхаіла Шыманскага дапамаге раз­віваць духоўны патэнцыял навучэнцаў. Кожны з іх можа задумацца, чаго кашта­вала савецкім людзям, у тым ліку і бе­ларусам, Перамога над фашысцкай Гер­маніяй. Кожны навучэнец можа правіль­на зарыентавацца і выбраць свой жыц­цёвы шлях. Кожны можа зразумець, як важна ў наш неспакойны час берагчы сваю Радзіму, бо яна вышэй за ўсё. На­рысы Міхаіла Шыманскага ў першую чар­гу мы ўспрымаем як доказ гістарычнай праўды аб тых падзеях, якія адбывалі­ся ў яго родных Пешках і навакольных вёсках. Кожны факт, лічба, падзея дапаў­няюць агульны летапіс трагічнага і разам з тым гераічнага, што выпала ў вай­ну на долю беларускага народа”.

Шчырыя душэўныя хваляванні ў чыта­чоў выклікае кніга Міхаіла Шыманскага яшчэ і вось чаму. У хаце яго бацькоў у Год малой радзімы адкрыты музей “Далёкае – блізкае. Гісторыя вёскі Пешкі”. “Экспазі­цыі ў музеі – надзвычай мнагапланавы і цікавы летапіс і самой вёскі, і некаторых суседніх паселішчаў, і ўсяго наваколля. Гэ­та канкрэтны вынік пастаяннай работы, якую нястомна вядуць людзі, што маюць непасрэднае дачынне да музея – прад­стаўнікі мясцовай інтэлігенцыі”, – так распавядае пра музей Міхаіл Мікалаевіч.

Аклад кнігі “Я зноў перажыў вайну” – 1 200 экзэмпляраў, памер – 207 старонак. Выкарыстаны фотаздымкi з асабiстага архiва Мiхаiла Шыманскага i фонду му­зея гiсторыi вёскi Пешкi. Выданне, як на­пiсана ў анатацыi, адрасавана найперш школьнiкам, моладзi, а таксама ўсiм, хто цiкавiцца гiсторыяй лiхалецця. Як бы мы зараз падрабязна ні апісалі змест кнігі, усё ж такі чытачу, асабліва жыхарам Бя­розаўскага раёна, трэба прачытаць кні­гу асабіста – уважліва і ўдумліва. Павер­це, яна вартая гэтага. Кніга атрымалася па-сапраўднаму ўражальная і краналь­ная, бо сам аўтар перажыў усе жахі той страшнай вайны.

Аўтар перадаў рэдакцыі асобнік кнігі і ў дароўным надпісе піша: “Наша творчае супрацоўніцтва дапамагло аўтару кнігі ўзнавіць тыя падзеі, якія адбыліся ў вай­ну ў некаторых паселішчах бярозаўска­га краю. Тым самым мы разам, як маглі, дапоўнілі гістарычную праўду аб гераіч­ным і трагічным нашага народа. Шчыра дзякую вам за гэта”.

Калектыў рэдакцыі надалей жадае Мі­хаілу Мікалаевічу поспехаў у яго плён­най творчай дзейнасці на карысць Бела­русі і роднай Бярозаўшчыны. Бо дзякую­чы такім апантаным сваёй справай людзям захоўваецца гісторыя роднага краю і будзе перадавацца іншым пакаленням.

Жанна МІРОШНІК

Фота Кацярыны НЕСЦЕР

Подписывайтесь на нас в Telegram!

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Поделиться

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: