Па выніках конкурсу выцінанкі “Ажурныя мары” выраб кіраўніка ўзорнай студыі выцінанкі “Папяровыя дзівосы” Цэнтра дзіцячай творчасці і народных рамёстваў г. Бярозы Марыны Пунько атрымаў узнагароду. Пано бярозаўскага майстра ў тэхніцы выцінанкі заняло ІІ месца ў намінацыі “Манументальнасць папяровых выразак”. Конкурс адбыўся ў рамках ХХХІV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” і сабраў 29 майстроў выцінанкі з усёй Беларусі.
“Цікаўлюся народным мастацтвам. Захоўваю культурную спадчыну. Рэжу выцінанку”, – з трох фраз складаецца візітоўка майстра Марыны Пунько, так яна заяўляе пра сябе – немнагаслоўна і ёмка.
– Марына, раскажыце, калі ласка, пра Ваша пано, якое прымала ўдзел у конкурсе выцінанкі “Ажурныя мары” ў Віцебску: акрэсліце яго задуму, гісторыю ўзнікнення.
– “Няма, але з намі”– так я назвала пано для конкурсу ў рамках фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”. Няма ўжо маёй бабулі і іншых бабуль, але яны з намі ў сэрцы, ва ўспамінах, на фотакартках. Яны, нашы родныя, з намі ў той спадчыне, што нам пакінулі, – у посцілках, папяровых карунках, фіранках, ручніках, вышытых кашулях, вырабах з саломы. Бабулі з намі ў ведах, якімі мы карыстаемся, калі працуем ужо над сваімі вырабамі. Так мы захоўваем і перадаём нашым дзецям традыцыі, народнае мастацтва Беларусі.
Сюжэт пано – гэта кадр-успамін з майго дзяцінства: з аднаго боку кроснаў сядзіць бабуля і тчэ, з другога – я трымаю палатно. Паміж намі сувязь і шлях, які я свядома абіраю і жадаю ісці па ім, бо люблю тое, чым зараз займаюся, усе народнае, мастацтва і бабулю.
– Крыніца натхнення для гэтага пано, як і для справы Вашага жыцця, бярэ пачатак у дзіцячых успамінах. А з чаго яшчэ чэрпаеце сілы?
– Хоць я нарадзілася і жыву ў горадзе, але ўсе мае самыя цёплыя ўспаміны з вёскі, яны аказалі вялікі ўплыў на тое, якая я цяпер. Маё месца сілы – родная вёска, дом, які чуе дзіцячы смех ужо чацвёртага пакалення сям’і. Калі выйдзеш на парог хаты – у абодва бакі краявід да гарызонту, развернешся – добрыя суседзі. Тут заўсёды супакоішся і памірышся з думкамі, пагодзішся з падзеямі, даверышся Богу – і так хораша, лёгка становіцца на сэрцы… Помню, кожны летні адвячорак клікаў мяне дзед, працягваў далонь, і з яе выпадаў у мае рукі ключык ад паштовай скрыні. І шпарыла я за газетай. Ох, і злавалася тады: “Усе іншыя ўнукі гуляюць, а ісці мне. Несправядліва!..” Зараз разумею, што ён мяне гэтак выхоўваў, неяк нават вылучаў. Час паказаў, што я адзіная з унукаў прыкіпела душою да гэтага месца. Мо, дзед гэта ведаў? Шмат было і шчаслівага, і гора. Але дзякую Богу, што гэта месца ў мяне было і ёсць.
– Звярнула ўвагу на Ваш адмысловы народны строй, у якім Вы працавалі на “Славянскім базары ў Віцебску”. Напэўна, у такім уборы і адчуваеш сябе інакш?
– Мая мара – сабраць сябе поўны беларускі народны жаночы строй. Пакуль што мне не хапае кашулі, даматканая тканіна на яе ёсць, знаходжуся ў працэсе вырабу эскіза, думаю, якой вышыўкай яе аздобіць. Таму на фестываль апранула кашулю, зробленую майстрамі нашага бярозаўскага Цэнтра дзіцячай творчасці і народных рамёстваў, яна тканая на кроснах з узорамі. Майстар Святлана Дземідовіч выткала мне і пояс.
Яшчэ на мне быў андарак – традыцыйная беларуская спадніца – з тканіны ручнога ткацтва па ўзору тканага палатна маёй бабулі, палатно дапамаглі выткаць таксама нашы майстры. На андараку ёсць тры паласы, шырыня якіх павялічваецца бліжэй да нізу спадніцы. У кожнай такой паласе – свой унікальны набор каляровых палосачак. Ёсць меркаванне, і мне хочацца ў яго верыць, што кожная з гэтых палос паказвае на прыналежнасць да роду: напрыклад, ніжняя паласа сімвалізуе род маёй бабулі, сярэдняя – яе матулі і гэтак далей, так выпрацоўваўся свой рытм палосак. Уявіце, каб жанчыны хадзілі ў такіх спадніцах у наш час – такі своеасаблівы код пазнавання для родных.
Фартух падаравала мне знаёмая Таццяна, ён раней належаў яе бабулі Марыі з Сяльца. Яго я перашыла пад сябе, прытрымліваючыся тагачаснай тэхналогіі.
Мяне цікавіць гісторыя нацыянальнага беларускага адзення, чытаю літаратуру на гэтай тэме. Правільна намотваць намітку вучылася ў музеі ў вёсцы Вайцяшын нашага раёна ў гаспадыні музея Лідзіі Іванаўны.
Вельмі падабаецца назіраць, як ткуць бярозаўскія майстрыхі. У нас у вёсцы кросны стаялі амаль у кожная хаце. І ў маёй бабулі таксама. Калі ўсе работы ў полі заканчваліся, абавязкова ставіліся кросны. Для гэтага з аднаго пакоя выносілася вялікая мэбля, бо гэтага патрабавалі памеры ткацкага станка. І да вясны пакой ператвараўся ў ткацкую майстэрню. Памятаю, як бабуля ткала палавікі, як я спрабавала прыбіваць бёрда… Ствараючы копію касцюма, неабходна ўлічваць арыгінальны крой, размяшчэнне вышыўкі, тэхніку пашыву і ткацтва. А ў нашых продкаў усё пачыналася з вырошчвання лёну, яго апрацоўкі, фарбавання нітак – уявіце, які няпросты шлях.
Канешне, у такой вопратцы адчуваеш сябе больш натуральна, магчыма, так перадаецца сувязь з продкамі. Акрамя таго, беларускі народны строй прыцягвае ўвагу людзей: са мной знаёміліся госці Віцебска з іншых краін, хацелі даведацца пра мой убор, прасілі дазволу са мной сфатаграфавацца.
– Падзяліцеся ўражаннямі ад удзелу ў такім значным для беларусаў фестывалі.
– Дзякуй Віцебску за прыемныя эмоцыі і новыя знаёмства. Арганізатарам мая сардэчная ўдзячнасць за цудоўны конкурс выцінанкі “Ажурныя мары”, маім кіраўнікам – за магчымасць удзельнічаць у такім маштабным мерапрыемстве, родным – за падтрымку. Быць часткай фестывалю – вялікае шчасце, а атрымаць узнагароду – гонар.
Аксана НАРКЕВІЧ
Фота з архіва майстра
Подписывайтесь на нас в Telegram!


Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: