Жыхары Бярозаўскага раёна сталі ўдзельнікамі Дня беларускага пісьменства ў Лідзе — BEREZA.BY

Роднае слова – гэта не проста набор гукаў, а мост, які злучае пакаленні, які напамінае пра карані і прыналежнасць да сваёй зямлі. У ім жывуць калыханкі маці, мудрасць продкаў, шэпт лясоў і шум родных абшараў. Родная мова, роднае слова не дае свайму народу страціць сувязь з мінулым, зруйнаваць сучаснасць і страціць будучыню. Дзень беларускага пісьменства – свята яднання друкаванага слова, літаратуры і народа – прайшоў у Лідзе. Было тут на што паглядзець, з чым пазнаёміцца і што паказаць. Сярод яго удзельнікаў былі і нашы землякі.

 Горад, насычаны гісторыяй і культу­рай, ператварыўся ў адкрытую сцэну, дзе роднае слова гучала на навуко­вых дыскусіях і вулічных чытаннях, музейных экспазіцыях і майстар-кла­сах, на дзясятках пляцовак і ад сотняў удзельнікаў.

У складзе дэлегацыі Брэсцкай воб­ласці ў свяце прынялі ўдзел настаўнікі і вучні сярэдняй школы вёскі Здзітава Бярозаўскага раёна: намеснік дырэк­тара па выхаваўчай рабоце Вераніка Бяценя, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, кіраўнік школьнага музея Святлана Казадаева, вучаніцы Настас­ся Мяшковіч і Ганна Папко. Яны сталі ўдзельнікамі інтэрактыўнай пляцоўкі музеяў устаноў адукацыі “Шануем. Памятаем. Ганарымся” з экспазіцыяй “У сэрцы ты ў кожнага, Перамога!” му­зея баявой славы 174-га стралковага палка 20-й стралковай Баранавіцкай двойчы Чырвонасцяжнай ордэна Су­ворава дывізіі. Гасцям свята было што пабачыць у экспазіцыі: салдацкую са­маробную кружку з гільзы, нямецкі складны салдацкі набор, палявы тэ­лефон ТА-57, шмат гістарычных са­праўдных дакументаў і фотаздымкаў, франтавыя лісты, успаміны ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, кнігі аб падзеях бою каля вёскі Шылін у ліпені 1944 года. Таксама ў экспазіцыі – літа­ратурная выстава “Бярозаўскі край. Ве­даць і ганарыцца”. На ёй настаўнікі і вучні прэзентавалі творы нашых зем­лякоў аб Вялікай Айчыннай вайне: кні­гі Міхаіла Шыманскага, Яўгена Сялені, Валерыя Няпаркі, Сяргея Руціча і ін­шыя. Для наведвальнікаў экспазіцыі Настасся Мяшковіч і Ганна Папко пра­водзілі экскурсію “Памяць скрозь дзе­сяцігоддзі”, а таксама інтэрактывы – віктарыну “Пяць ключоў ад рэчмяшка салдата”, настольную гульню “Гаво­рачыя памятнікі Бярозаўскага раё­на”. Юныя экскурсаводы, апранутыя ў амуніцыю савецкага салдата, каб яшчэ больш пагрузіць наведвальнікаў у гістарычную эпоху, спявалі пад гіта­ру песні ваенных часоў, чыталі вершы. Выставу наведала намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая. На­стаўнікам і вучням былі ўручаны сер­тыфікаты ўдзельнікаў інтэрактыўнай пляцоўкі.

– Школьныя музеі ваенна-гістарыч­най накіраванасці дапамагаюць выхоў­ваць патрыятызм, гістарычную свядо­масць і пачуццё адказнасці за памяць пакаленняў, спрыяючы глыбокаму вы­вучэнню гісторыі праз экспанаты, да­кументы і аповеды ветэранаў, – ад­значыла Святлана Казадаева. – Вель­мі прыемна і адказна, што наш музей стаў адзіным прадстаўніком ад Брэсц­кай вобласці.

На вуліцах, якія падчас свята сталі пешаходнымі, працаваў горад май­строў з майстар-класамі. З’ехалі­ся ўмельцы з усёй краіны. Упраўлен­не культуры Брэсцкага аблвыканкама прэзентавала маштабную выставу “Не­матэрыяльная культурная спадчына Брэсцкай вобласці”. Кожны жадаючы мог не толькі пабачыць, але і атрымаць майстар-клас з рук у рукі ад носьбітаў традыцый. Народны майстар Беларусі, старшыня праўлення Брэсцкага аблас­нога аддзялення ГА “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці” Таццяна Зданевіч правяла майстар-клас па ро­спісу на шкле. У выставе таксама была прадстаўлена шчэпавая птушка Аляк­сандра Лаўрыновіча, майстра народ­ных рамёстваў Цэнтра дзіцячай твор­часці і народных рамёстваў.

Жанна МІРОШНІК

Фота з архіва Святланы КАЗАДАЕВАЙ і Таццяны ЗДАНЕВІЧ

Подписывайтесь на нас в Telegram!

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Поделиться

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: