Дзякуючы экалагічнаму праекту “Чыстая вада дзецям”, які рэалізоўваюць супрацоўнікі рэспубліканскага біялагічнага заказніка “Спораўскі”, старэйшая навучальная ўстанова райцэнтра – СШ №1 імя В.Х. Галаўко г. Бярозы перад пачаткам навучальнага года атрымала неабходны і даволі дарагі падарунак на суму 9 400 рублёў.
Ён прызначаны для вучэбных кабінетаў хіміі і біялогіі. Да таго ж настаўніца хіміі Лідзія Віктараўна Юркевіч мела магчымасць па сваім жаданні зрабіць заказ на неабходную мэблю і абсталяванне. Зыходзячы з патрэб навучальнай установы, спонсары набылі два сталы, дзве лабараторныя шафы, разнастайныя шклянкі, прабіркі і колбы, а таксама вымяральныя прыборы для вызначэння якасці вады ў рэчцы Крэчат, што знаходзіцца побач са школай. А настаўнікам біялогіі перададзены пяць новых біялагічных мікраскопаў.
Педагагічны калектыў вельмі ўдзячны дырэктару заказніка Вадзіму Мікалаевічу Пратасевічу і яго супрацоўнікам за падараванае неабходнае і дарагое абсталяванне, і спадзяецца, што лабараторныя работы па хіміі і біялогіі будуць выконвацца вучнямі на высокія адзнакі. А магчыма, з цягам часу ў Спораўскім заказніку з’явяцца спецыялісты-эколагі і з СШ №1 г. Бярозы.
Ксенія РОЗАВА
Фота аўтара
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: