Зямлячка, паэтка, празаік. Друкавалася ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, “Неман”, “Наш современник”. Лаўрэат рэспубліканскага літаратурнага конкурсу імя Максіма Багдановіча, пераможца конкурсу маладых літаратараў Саюзнай дзяржавы “Мост сяброўства”, III Міжнароднага моладзевага фестывалю-конкурсу паэзіі і паэтычных перакладаў “Берега дружбы” і іншых. Алёна Папко падзялілася сакрэтамі творчай кухні, распавяла, у чым знаходзіць натхненне, выказалася наконт сучаснай беларускай літаратуры.
– Іосіф Бродскі казаў, што паэзіі нельга навучыцца, гэта дадзена ці не дадзена. На Ваш погляд, ці быў праў паэт?
– У кожнага чалавека свой талент і сваё прызначэнне на гэтай зямлі. Таму важна адшукаць занятак, які зробіць кожнага з нас шчаслівым. А паэзія гэта будзе ці нешта іншае, думаю, залежыць ад нашых схільнасцей і пераваг. Каб пісаць добрыя вершы, таксама трэба вучыцца: шмат чытаць, паглыбляцца ў паэтычны вопыт папярэдніх пакаленняў, каб у штодзённай працы над сабою адшукаць уласны накірунак, па якому будзе камфортна рухацца наперад.
– Вы памятаеце свой першы верш? Як ён нарадзіўся?
– Я была тады яшчэ вучаніцай, захаплялася паэзіяй. І вось адным з вечароў вырашыла пабыць пісьменнікам – узяла аловак, аркуш паперы і стала пісаць. Пасля напісанае пачала дэкламаваць бацькам. Маё першае чатырохрадкоўе было вельмі простым, не зусім асэнсаваным, але рыфма ў ім прысутнічала. Зараз жа разумею, што рыфма – гэта вельмі важна, але ж найбольш важна тое, які сэнс, якія пачуцці нясе ў сабе верш. Карацей кажучы, кожны напісаны верш – гэта ацэнка ўласнага светапогляду на пэўным прамежку ўласнага жыцця. Вядома, што густы ў людзей з цягам часу мяняюцца. Магу сказаць, што змяняецца таксама і светаўспрыманне, і стыль напісання, але тое, што напісана да гэтага, застаецца. Калі перачытваеш вершы – узяць, напрыклад, вершы студэнцкага часу – ловіш сябе на думцы, што яны такія акрыленыя і трапяткія, нават крыху зайздросціш сабе, той дзяўчынцы, якой было мора па калена. Чамусьці той лёгкасці з цягам часу не стае.
– Які ўплыў на Вас як на аўтара аказала родная вёска Сакалова, родныя мясціны?
– У кожнага з нас ёсць на зямлі куточак, куды нам хочацца вяртацца незалежна ад таго, якія пачуцці на сэрцы: ідзе дождж альбо свеціць сонца. Бо мы ведаем, што там нас чакаюць з усіх далёкіх дарог. І менавіта там заўсёды цёпла і ўтульна. Для мяне такі куточак – родная вёска, дзе пачалося маё дзяціства. Асабліва востра і шчымліва яно нагадвае пра сябе, калі ў маёвай квецені двары і сады. Можа таму, што ў майго дзяцінства пах белага наліву – яблыкаў, якімі заўсёды частаваў мяне дзядуля Іван.
Хутка паспее наш белы наліў –
І шпарка нырну я ў садок.
Яблыкі жвава збіраць буду ў ім,
Да вуснаў падносіць іх сок.
Пах тых сакавітых яблыкаў, пацалаваных світальнаю расою, як і іх смак, застаюцца непаўторнымі. Час бяжыць, а яблыкі ў садзе больш так салодка не пахнуць: яблыня ўжо старая і амаль не дае пладоў. А калі б яны і былі, дык няма ўжо на зямлі таго чалавека, у родных руках якога яблыкі набывалі тую самую “непаўторную салодкасць дзяцінства”. Помню таксама, што каля вокнаў бацькоўскай хаты рос бэз. Менавіта з яго цвіценнем пачыналася сапраўдная вясковая вясна – цёплая, квяцістая і гаманкая.
Лячу туды я ў сне,
Дзе сцежка веснавая,
Дзе бэз наўкол цвіце
І мама маладая.
Дзе раны залячыць
Трыпутніка хапае.
І дзе святло надзей
Ніколі не згасае.
Бадай, нідзе не бывае так цёпла і ўтульна, як у абдымках маці. Нічога не акрыляе мацней татавага слова, не гоіць найхутчэй трыпутніка і светлай надзеі. Столькі жыцця і радасці аказваецца жыве ў адным простым імгненні… Люблю сваіх бацькоў і вельмі ім удзячна, што яны прымаюць мяне з усімі маімі недахопамі і супярэчнасцямі. На жаль, не часта магу іх наведаць: большую частку жыцця займае праца, а той час, які застаецца, хочацца размеркаваць так, каб паспець ажыццявіць запланаванае. Таму, калі вырываюся з віру штодзённай мітусні і еду да бацькоў, адпачываю ў вёсцы душою. І сапраўды, любоў да роднай зямлі робіць нас моцнымі. Яна як частка генетычнага кода, без якога жыццё немагчыма. Магчыма толькі існаванне.
Прырос з нас кожны да сваіх мясцін,
Прыпаў да іх душою, як да неба.
Куток бацькоўскі – назаўжды адзін,
Чужы – не пачастуе лустай хлеба.
Праз сотні альбо тысячы гадоў мне б хацелася зноў вярнуцца туды, дзе калісьці ўсё пачалося. Ранак будзе снежным (можа таму, што да зімы ў мяне асобыя трапяткія пачуцці, бо я нарадзілася ў лютым), прыляцяць снегіры і насуперак маразам не дагараць ліхтарыкі рабінаў.
Я вярнуся зімовай парою,
Дзе любові не гасне святло,
Каб між небам і гэтай зямлёю
Адшукаць прызначэнне сваё.
– На чым выхоўваўся Ваш паэтычны густ? Якія знакавыя фігуры ў паэзіі Вы маглі б назваць сваімі настаўнікамі, штосьці кшталту натхняльніка і ідэалу, літаратурнага арыенціра?
– Я вучылася ў вясковай беларускамоўнай школе, захапялася літаратурай і часта наведвалася ў бібліятэку. Падчас аднаго з такіх наведванняў адкрыла для сябе паэтычную прыгажосць радкоў Яўгеніі Янішчыц і Раісы Баравіковай. Я з захапленнем чытала іх вершы, а пасля пачала пісаць і сама. Таму, відаць, гэтыя беларускія паэтэсы і сталі маімі натхняльнікамі.
– У інтэрв’ю Навуму Гальпяровічу ў праграме “Суразмоўцы” Вы сказалі, што напісанне вершаў – гэта стан душы, палёт душы. Як нараджаюцца спалучэнні слоў – самі па сабе ці з’яўляюцца ў адказ на нейкія падзеі, несправядлівасць, прыгажосць?
– Так, мае вершы – гэта адлюстраванне жыццёвых падзей праз прызму паэтычнага слова. Ёсць тое, што хочацца пакінуць ва ўспамінах надоўга, пражыць яшчэ раз, каб узгадаць светлы смутак альбо радасць. Стараюся збіраць перлінкі метафар і яскравых параўнанняў, каб радаваць чытачоў непасрэднасцю і аўтарскай назіральнасцю.
– Які любімы памер і форма вершаў?
– Часцей за ўсё выбар залежыць ад настрою і глыбіні пачуццяў. Ёсць у мяне спроба напісання вянка санэтаў і паэмы.
– Над чым працуеце і што плануеце зрабіць у найбліжэйшы час? Зачытайце некалькі новых вершаваных радкоў.
– Зараз больш часу прысвячаю працы над празаічнымі творамі. У бліжэйшым будучым, хацелася б выдаць яшчэ адну кнігу. А пакуль можна заварыць іван-чай і ўзгадаць прыгажосць летніх дзянькоў:
Аблокі плывуць над гаем,
Ранкі вабяць іван-чаем.
Паедзем, цётачка, збіраць
Мяцёлкі пышныя праз гаць!
Лісцё шарготкае сарвём,
І высушым, і ператром,
Каб у сумётную пару
Тым зборам вылечыць тугу,
І ў час дакучлівых хвароб,
Зрабіўшы спробавы глыток,
Адчуць, як колецца ў грудзях
Лёт мрояў на сямі вятрах.
І адраджаюцца наноў
Надзея, вера і любоў.
– Чым для Вас сталі паэтычныя конкурсы? Што на іх складаней за ўсё?
– Гэта добры штуршок у літаратурным накірунку, каб развівацца ў якасці паэта і празаіка. Кожны з конкурсаў патрабаваў крэатыўнага падыходу, бо для таго, каб твой твор заўважылі і вылучылі сярод астатніх, патрэбна было прыкласці шмат намаганняў. У маёй скарбонцы даволі шмат яскравых перамог, але галоўнае, бадай, гэта вопыт, які набываецца на шляху пераадолення сябе, ты пачынаеш сам больш разумець, якія жанры, стыль, паэтычныя сродкі больш блізкія, і такім чынам загартоўваеш сябе ў працы. Паспрабавала я сябе і ў ролі перакладчыка паэтычных твораў з рускай мовы на беларускую – такі накірунак працы прыйшоўся даспадобы. І, канешне, літаратурныя конкурсы спрыяюць развіццю стасункаў з новымі сябрамі, якія таксама захапляюцца літаратурай.
– Што нясе ў айчынную літаратуру цяперашняе пакаленне маладых творцаў?
– Любоў да беларускай мовы. Яна як глыток паветра, бо той, хто сябруе з родным словам, здольны больш глыбока данесці свае думкі да чытачоў. І зрабіць гэта прыгожа і шчыра. Новыя ідэі – маладыя аўтары заўсёды знаходзяцца ў пошуку. У іх галовах віраць сотні думак, таму спыніцца на адной з іх бывае даволі складана. І ў якасці крэатыўнага выйсця з сітуацыі нараджаюцца новыя жанры і паэтычныя формы. Часам у творы пераплятаецца некалькі жанраў. У якасці прыкладу – беларускае фэнтэзі, якое набывае папулярнасць сярод падлеткаў і моладзі. Мабільнасць – маладыя творцы размяшчаюць свае творы ў сеціве, даючы магчымасць пазнаёміцца з імі большаму колу чытачоў. А таксама абмяняцца вопытам з калегамі па пяру, што садзейнічае папулярызацыі мовы і літаратуры. Каштоўнасці накшталт дабрыні, сяброўства і павагі да продкаў і спадчыны. Як і раней, маладыя аўтары звяртаюцца да класічных літаратурных жанраў. На старонках літаратараў заўсёды маюць месца такія чалавечыя каштоўнасці, як любоў, павага, дабрыня, сяброўства, узаемадапамога. Калі-нікалі героям твораў патрабуецца прайсці праз многія выпрабаванні, каб зразумець, наколькі важна мець іх у жыцці.
– Што хвалюе сучасных паэтаў?
– Кожны верш – гэта маленькі вопыт, набытак і пошук, таму тэмы, як былі, так і застаюцца разнастайнымі: родная зямля, навакольны свет, мова, каханне. Усё залежыць ад таго, у чым у дадзены момант часу паэт прагне адшукаць акрыленасць.
– Як Вы думаеце, наколькі цяпер запатрабаваны менавіта папяровыя кнігі? Як ставіцеся да электронных кніг?
– Так, інтэрнэт-тэхналогіі развіваюцца, і робіцца гэта даволі імкліва. З’яўляюцца новыя месэнджары для камунікацыі, карыстальніцкія праграмы, якія дапамагаюць нам быць на сувязі. Цяпер не ўзнікае цяжкасцей знайсці і прачытаць у электронным выглядзе тую ці іншую кнігу. Я нічога не маю супраць электронных кніг, так, гэта вельмі зручна, але перавагу ўсё роўна аддам папяровай кнізе, бо гэта вялікая асалода трымаць яе ў руках і перагортваць старонкі, на якіх жыве роднае слова.
– Якія кнігі вырабілі на Вас вялікае ўражанне за апошні час і чаму?
– “Цудоўнае падарожжа Нільса з дзікімі гусямі” С. Лагерлёф захапіла з першых старонак, і, дзякуючы ёй, я на некаторы час ізноў трапіла ў дзяцінства. Кніга вучыць быць сапраўдным сябрам і падштурхоўвае ў любой сітуацыі знаходзіць выйсце. Галоўнае не адчайвацца і верыць, што цуды ў жыцці часам здараюцца. “Зямля Уйкоаль” – гэта цыкл апавяданняў гомельскага аўтара А. Мацвеенкі пра яго дзяцінства на Камчатцы і пра яе прыроду. Кніга пазнавальная і лёгкая ў чытанні. Аўтар з вялікай пяшчотаю суправаджае чытача падчас вандроўкі па таямнічай зямлі Уйкоаль, знаёміць з мясцовымі легендамі, а таксама жывёльным і раслінным светам. “Галавасек”. Мне пашчасціла прысутнічаць на прэзентацыі дадзенай кнігі, пагутарыць з Анатолем Бензеруком і атрымаць ад яго кнігу з аўтографам. На мой погляд, гэта вельмі моцная дакументальная аповесць-эсэ, прысвечаная памяці спаленай вёскі Драмлёва і яе жыхароў. Кніга заслугоўвае ўвагі і пакідае глыбокі след у душы.
– Каго з сучасных паэтаў і празаікаў вы можаце вылучыць?
– Мне падабаецца паэзія Л. Рублеўскай і Н. Гальпяровіча, яна вельмі шматгранная і шчырая. Што датычыцца празаічных твораў, то аддаю перавагу новым выданням. Чытаю А. Бензерука, Т. Дземідовіч, А. Брытуна, З. Дудзюк. Усе творцы таленавітыя, інтрыгуюць і здзіўляюць чытачоў.
– Наколькі моцна для Вас слова? Ці бывала, калі слова раніла амаль фізічна ці, наадварот, узвышала?
– Неаспрэчна, у слове сабрана вялікая сіла. Добрае слова ўзвышае, надае моцы, падштурхоўвае на добрыя ўчынкі, а балючае, наадварот, пякуча раніць і выбівае глебу з-пад ног. Думаю, што кожны з нас чуў у жыцці і тое, і іншае слова.
– Ці часта ўвогуле рызыкуеце ў жыцці і літаратуры?
– Я не рызыкоўны чалавек, аднак, калі з’яўляецца вялікае жаданне здзейсніць нешта, гатова цярпліва пераадольваць перашкоды і ахвяраваць.
– Беларуская мова ў вашым жыцці якое месца займае?
– Беларуская мова – гэта сродак камунікацыі, яна вельмі прыгожая, мілагучная. Гэта мова, якая дапамагае мне быць сабой, натхняе на новыя адкрыцці і набыткі. Якуб Колас калісьці пісаў: “Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову”. Таму наша мова – гэта наша самае вялікае багацце.
Жанна МІРОШНІК
Фота Сяргея БАБРОВА
Подписывайтесь на нас в Telegram!
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: