Кніга ўспамінаў пра Алеся Разанава выйшла з друку — BEREZA.BY

Ну вось яна нарэшце i здарылася – гэтая доўгачаканая падзея! У выдавецтве “Тэхналогія” выдадзена ўнікальная кнiга ўспамінаў пра вялікага беларускага паэта, нашага славутага земляка Алеся Разанава “Праз сябе – да Сусвету”, cкладзеная ўдавой паэта Галінай Разанавай, – даніна памяці вялiкаму паэту i цудоўнаму чалавеку, адкрывальніку новых даляглядаў у беларускай літаратуры.

Аўтары кнігі, сярод іх вядомыя грамадскія дзеячы, навукоўцы, пісьменнікі, выдаўцы, мастакі, мастацтвазнаўцы, журналісты, настаўнікі не толькі з Беларусі, але і з Польшчы, Германіі, Швейцарыі, Літвы, Расіі, якія добра ведалі паэта як чалавека і творчую асобу, дзеляцца сваімі ўспамінамі пра сустрэчы, супрацоўніцтва з Алесем Разанавым, думкамі пра яго творчасць, вершамi, якiя яму прысвечаны. Гэта была вялiкая i цяжкая праца – знайсцi ўсiх тых, з кiм Алесь сябраваў, супрацоўнiчаў, лiставаўся; тых, хто бачыў у iм творцунаватара, сапраўднага волата беларускай i сусветнай лiтаратуры. У кнігу ўвайшлi таксама ўспаміны родных, згадкі самога паэта пра сваё дзяцінства, стэнаграфічны запіс дыскусіі 2011 года і іншае… Такім чынам, гартаем кнігу разам.

Галiна Разанава (“Прадмова”): “Жаданне ўшанаваць памяць дарагога мне чалавека ўзнiкла неўзабаве пасля яго сыходу. Я добра ўсведамляла, што Алесь Разанаў больш цiкавы як творца, чым як звычайны чалавек… Але каб зразумець творчасць, трэба ведаць i ўмовы, у якiх ён жыў, i людзей, з якiмi кантактаваў… Генiй, вялiкi паэт упоравень з Купалам… Алесь не любiў гэткiх слоў i параўнанняў. Асоба творцы, на яго думку, не павiнна нiяк вылучацца, бо ў цэнтры ўвагi – творы… I калi яны сталі абʼектам для разважанняў, то сам аўтар застаецца нiбыта ўбаку, ён сказаў усё, што хацеў…”

З дзённiкаў Алеся Разанава (“Маё маленства”): “Дарога з Бярозы ў Сялец адно кiламетры, а вось ў дарогу з Блудня да Сяльца ўкладаюцца часы i далячынi, туды і адтуль пехатою, гэтак найблiжэй да сябе, да людзей і яшчэ да нечага, з чым уваходзiш у размову, у Блуднi спынялiся цягнiкi”.

“У маленстве ўсё было (ёсць) сапраўднейшым i большым: адгортваецца згадка – і нанава бачыш тое, што бачылася табою самiм, аднак i яшчэ некiм, i гэтым здвоеным цi зʼяднаным зрокам распазнавалася (распазнаецца) рэчаiснасць”. “Людзi – лёсы, пачатак зазiрае за небакрай, и вымаўленае адпускае…”

Яўген Сяленя (“Лёс бацькоў”): “Выпускнiк Сялецкай сярэдняй школы, сярэбраны медалiст, Алесь Разанаў у 1966 годзе стаў студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсiтэта. Да гэтага часу ўжо быў заўважаны яго малады паэтычны голас. Юнак друкаваўся не толькi ў раённай і абласной газетах, але i на старонках часопiса “Маладосць” i тыднёвiка “Лiтаратура i мастацтва”. На V зʼезде пiсьменнiкаў БССР пра яго казаў у справаздачным дакладзе Пятрусь Броўка. Цёпла адгукнуўся пра паэта-пачаткоўца Максiм Лужанiн. Дарэчы, менавiта ён праз “Литературную газету” адкрыў iмя Алеся Разанава і Яўгенii Янiшчыц усесаюзнаму чытачу”.

Раiса Баравiкова (“Яго я ведала з вясны…”): “Апошнiм разам, напэўна, сустрэлiся… на апошнiм зʼезде Саюза беларускiх пiсьменнiкаў… “Ну, што ў цябе новага?” – запытаўся Алесь. I я пачала расказваць, што адзiн гiсторык-картограф падарыў мне астравок, ксеракопiю з даўнейшай карты маiх родных мясцiн (вёски Пешкi, дзе я нарадзiлася, i наваколля). “Ведаеш, там цяперашнi Сiгневiцки лес… называўся тымi часамi Шляхецкай пушчай. Напэўна таму, што людзi там шляхетныя жылi”, – сказала я. Алесь задумаўся i цвёрда адказаў: “Не, Рая. Ты памыляешся. Не таму, што людзi там шляхетныя былi. Назоў пушчы ад слова Шлях. Запомнi – Шлях. Толькi Шлях…”

Алесь Разанаў ужо на сваiм нябесным Шляху, у той таямнiцы… І ўжо дзесьцi там загарэлася яго зорка. А тут… на зямных шляхах будзе справядлiва сказаць сучаснiкам i наступнiкам, што яго зорка ў тых бясконцых вышынях ззяе побач з зоркай Максiма Багдановiча”.

Васiль Зуёнак (“Праз сябе – да Сусвету”): “Пункцiры, квантэмы, зномы… – яшчэ раз спытаемся: што натхняла паэта на пошук новых формаў верша? Усё тое ж нязменнае: зазiрнуць глыбей за намiнатыўную службу слова, наблiзiцца да яго Боскай першароднасцi, да светлавызначальных сувязей, якiя тояцца ў iм, пра што сказана: “Напачатку было Слова, i Слова было ў Бога, i Слова было Бог…” Феномен творчасцi Алеся Разанава – велiчыня вельмi бачная, вельмi заўважная i зблізку, i здалёку. Але пакуль што не ўсiм i не для ўсiх, для кагосьцi яна яшчэ застаецца велiчынёю самой у сабе… Такое толькi ўзбагачае наша беларускае паэтычнае поле. Ураджай – за будучыняй. Будучыня – саюзнiк Алеся Разанава”.

Таццяна Маркавец-Гаранская (“Звернуты ў наступнасць”): “Калi слухаеш, як ён чытае вершы, нiбы трапляеш у вiр – кругаварот эмоцый, iнтанацый, рухаў i гукаў.

…На першым плане вочы паэта.У час дэкламацыi яны могуць запальвацца падобна да купальскага агню, абаграваць i асвятляць энергiяй верша ўсiх “слухачоў”.

Адам Глобус (“Разанаў”): “Лепшыя творы Разанава напiсаны ў часы жорсткай цэнзуры, у часы пераследу iншадумцаў, у часы ваяўнiчага атэiзму. Таму Алесь Разанаў шмат недагаворваў, пра многае не казаў, выкарыстоўваў эзопаву мову. Яго творы перапоўнены таямнiчнасцю… Разанаў загадкавы, ён складзены з сакрэтаў, ён зроблены з таемнасцi… Каб праiлюстраваць думку пра хованкі Разанава, дастаткова будзе трохрадкоўя з цыкла “Пункцiры”: Стаiўся за дрэвам – /i для паловы свету/ стаў толькi дрэвам. Аўтапартрэтны верш”.

…Можна яшчэ доўга гартаць, чытаць і перачытваць гэтую сапраўды чароўную кнігу.

Iльма Ракуза ў главе “Падарожник ва ўнутраны свет” сцвярджае, што “для Алеся Разанава жыццё ёсць увасабленнем таго, што паўстае, i менавiта гэта ён адсочвае i ў чалавеку, i ў прыродзе. Адно каб не застыць у догмах, iдэалогiях, мяшчанскай здаволенасцi. А дзе праведзены межы, там ён уяўляе перспектыву невядомага, касмiчны кругазварот, дзе красуецца ўсё, што мае быць скасаваным… Ён называе рэчы сваiмi iмёнамi, але змяшчае iх у шырэйшыя ўзаемасувязi…”

Дадам, што ў кнігу пра Алеся Разанава нараўне з успамінамі Я.В. Сялені ўвайшлі таксама разважанні бярозаўскіх літаратараў – Марыі Сцяфанавай і аўтара гэтага артыкула.

Немагчыма і працытаваць усiх шматлiкiх аўтараў кнiгi. І не трэба… Лiчу, лепш здаволiцца фактам зʼяўлення несумненнай літаратурнай каштоўнасці. А яшчэ больш тым, што ў нас быў, ёсць і заўсёды будзе наш Алесь! Таму што “бязмежжа вечна жывое”, як i памяць пра Разанава.

Маргарыта ГАРАВАЯ

Подписывайтесь на нас в Telegram!

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Поделиться

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: