Да сустрэчы ў Белаазёрску: чым бярозаўчанам запомніліся абласныя «Дажынкі-2024» — BEREZA.BY

5 кастрычнiка ўсе дарогі вялі на Лунінеччыну, у Мікашэвічы, на галоўнае свята працаўнікоў вёскі Берасцейшчыны – XXV Абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі-2024”. Накіравалася туды і дэлегацыя Бярозаўскага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Вячаславам Мятліцкім, каб ушанаваць пачэсную працу берасцейскіх хлебаробаў. І ганарыцца нам было чым: на сцэну для ўручэння ўзнагарод запрашалі чатырох герояў жніва Бярозаўшчыны і двойчы выклікалі кіраўніка раёна: губернатар Брэсцкай вобласці Пётр Пархомчык павіншаваў і ўзнагародзіў яго за тое, што бярозаўскі каравай стаў найлепшым у вобласці, і ўрачыста перадаў кубак гаспадара жніва – абласныя “Дажынкі-2025” будзе прымаць Белаазёрск.

Гасцей запрашалі, частавалі, весялілі – калейдаскоп нацыянальных строяў, песень і танцаў, майстар-класаў, бяспройгрышных латарэй, дэгустацый, гульняў здаваўся бясконцым. Атмасфера свята захапляла кожнага: трапіўшы ў плынь вясёлых гасцей, міжволі ловіш добры настрой, адчуваеш радасць і ўзнёсласць ад гонару за землякоў.

Сэрца свята

Цэнтральная вуліца Мікашэвічаў – Першамайская – ператварылася ў самабытную вёску з шаснаццаццю падворкамі – візітоўкамі раёнаў Брэсцкай вобласці. Кожны рэгіён Берасцейшчыны імкнуўся вылучыцца ў дэманстрацыі сваіх дасягненняў. Паглядзець было на што: пачастункі ад руплівых гаспадынь, кампазіцыі з садавіны, гародніны; побытавыя экспазіцыі – вось момант касавіцы, калі сена ўжо ў стозе, а гаспадар з гаспадыняй адпачываюць у будане, а тут хата з печчу, сталом, ложкам, немаўляткам у люльцы, тканымі палавікамі і абрусамі, вышытымі ручнікамі, дыванамі-маляванкамі, аўтэнтычным посудам і прыладамі працы; фотазоны, “Поле цудаў” і яго вядучы Вальдэмар Валацуга, пушчанскі Дзед Мароз.

Бярозаўскі падворак паказваў, што яго насельнікі – асобы інтэлектуальныя, якія шануюць свае карані, творчыя, гасцінныя і арыгінальныя. Ганаровых гасцей сустракалі не толькі звычайным, але і рыбным караваем. У наведвальнікаў была магчымасць паназіраць за працэсам прыгатавання хлеба: убачыць, як раней малацілі цэпам збажыну, малолі зерне ў жорнах, мясілі цеста ў дзяжы. Гасцям прадэманстравалі аб’екты, унесеныя ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь: сушаную на саломе ў печы рыбу, побытавы танец “Спораўская полька”, выставу традыцыйнага роспісу па шкле, прэзентавалі шчэпавую птушкуабярэг. Пры дапамозе акуляраў віртуальнай рэальнасці магчыма было здзейсніць падарожжа ў часе і ўбачыць, як выглядаў сімвал горада – кляштар картэзіянцаў – у момант яго найбольшага росквіту. Майстар-класы па саломапляценні, ткацтве, лозапляценні, дэгустацыя мясных, малочных, хлебабулачных і рыбных далікатэсаў бярозаўскіх вытворцаў прыцягвалі людзей.

Каравай-пераможца

На пачэсным месцы каля вялікага млына – выстава караваяў з зерня новага ўраджаю: шаснаццаць твораў мастацтва хлебапёкаў, па адным ад кожнага раёна вобласці. Фантазія кулінараў бязмежная, тут перапляліся традыцыі і наватарства, кожны здзіўляў арыгінальнасцю задумы і майстэрствам выканання. Залацістыя і рознакаляровыя, упрыгожаныя ружамі, рамонкамі, калоссем, васількамі і сланечнікамі, філіграннымі арнаментамі і карункамі, выявамі буслоў, жывёл і помнікаў архітэктуры, гербамі гарадоў – кожны выраб атрымаў сваю долю кампліментаў і быў варты перамогі. Ганарова і прыемна, што найлепшым караваем Берасцейшчыны па выніках анлайн-галасавання стаў бярозаўскі. Высокую ўзнагароду – сімвал адзнакі прафесіяналізму хлебапёкаў Бярозаўшчыны – з рук губернатара Брэсцкай вобласці прыняў старшыня Бярозаўскага райвыканкама Вячаслаў Мятліцкі.

Бацькава слова

Кульмінацыяй свята стала цырымонія ўшанавання людзей, адданых сваёй зямлі, якую распачаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Для аграрыяў Берасцейшчыны ўдзел першай асобы краіны ў абласных “Дажынках” – дарагі падарунак. Дарослыя і дзеці лавілі кожнае слова народнага Прэзідэнта, як асабістую ўзнагароду ўспрынялі дадзеную ім высокую адзнаку працы жыхароў Першага рэгіёна, а як падарунак кожнаму палешуку – новую праграму адраджэння Палесся. Зварот Аляксандра Рыгоравіча да людзей з удзячнасцю за падтрымку на працягу ўсяго трыццацігоддзя яго прэзідэнцтва і ўпэўненасць у тым, што сумеснымі намаганнямі мы здолеем выстаяць і развівацца ў сённяшніх складаных умовах, захаваем незалежнасць краіны і мірнае неба над галавой – усё гэта знайшло водгук у сэрцы кожнага: аўдыторыя адказвала салідарнасцю, моц эмацыянальнага ўзаемадзеяння сапраўды ўражвала.

Гонар краю

Галоўныя героі жніва – перадавікі сельскагаспадарчай працы, намаганнямі якіх ствараецца багацце Берасцейшчыны. Для іх віншаванні, словы пашаны ад Прэзідэнта, кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыя Крутога, старшыні Брэсцкага аблвыканкама Пятра Пархомчыка, намесніка прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь – упаўнаважанага Кіраўніка дзяржавы па Брэсцкай вобласці Юрыя Шулейкі, старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве – упаўнаважанага Кіраўніка дзяржавы па Брэсцкай вобласці Міхаіла Русага, міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоля Ліневіча, а таксама ўдзячнасць усіх ганаровых гасцей свята, у ліку якіх памочнік Прэзідэнта – інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык, старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК Васіль Хвацік, кіраўніцтва вобласці розных гадоў, духавенства, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса. Узнагародамі розных узроўняў была адзначана праца больш за 120 чалавек. Сярод іх тыя, кім па праве ганарыцца Бярозаўшчына: дырэктар ААТ “Спорава” Мікалай Дымша, трактарыст-машыніст УП “Боркаўскае” Андрэй Зялёнка, вадзіцель ААТ “Аграфірма Малеч” Аляксандр Раманенка, трактарыст-машыніст ААТ “Міжлессе” Віктар Карпеш.

Бывайце, Мікашэвічы, да сустрэчы ў Белаазёрску

Да позняга вечара працягвалася свята жніва: канцэрт артыстаў беларускай эстрады, дыскатэка і святочны феерверк. Як адзначыў Прэзідэнт, дзякуючы “Дажынкам” раз у год усім светам мы прыводзім у парадак адзін горад. Таму прымаць свята працаўнікоў палёў не толькі пачэсная місія, але і падарунак. З хваляваннем усе чакалі аб’яву пра тое, які ж горад прыме абласныя “Дажынкі” ў наступным годзе – пашчасціла Белаазёрску. Сімвалічны кубак гаспадара “Дажынак” кіраўніку Бярозаўскага раёна Вячаславу Мятліцкаму перадаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык. Цяпер ужо Бярозаўшчына рыхтуецца да берасцейскіх “Дажынак-2025”.

@bereza.by

📸 Делегация Березовского района принимает участие в областном фестивале-ярмарке тружеников села «Дожинки-2024», который 5 октября проходит в Микашевичах. #дожинки2024 #областныедожинки #березовскийрайон #лунинецкийрайон #микашевичи #дожинкивмикашевичах #брестскаяобласть

♬ оригинальный звук — BEREZA.BY
@bereza.by

⚡️ ТЕПЕРЬ ОФИЦИАЛЬНО: ОБЛАСТНЫЕ «ДОЖИНКИ-2025» ПРОЙДУТ В БЕЛООЗЕРСКЕ 🌾 В следующем году областной фестиваль-ярмарка тружеников села «Дожинки» пройдет в г. Белоозерске Березовского района. 💬 Об этом заявил сегодня председатель Брестского облисполкома Петр Пархомчик на областных «Дожинках-2024» в Микашевичах. #областныедожинки #дожинки2024 #дожинки #дожинки2025 #дожинкивбелоозерске #сельскоехозяйство #белоозерск #березовскийрайон #брестскаяобласть

♬ оригинальный звук — BEREZA.BY
@bereza.by

⚡️ КАРАВАЙ БЕРЕЗОВСКОГО РАЙОНА ПРИЗНАН ЛУЧШИМ В БРЕСТСКОЙ ОБЛАСТИ 🇧🇾 На фестивале-ярмарке «Дажынкi-2024» в Микашевичах подвели итоги конкурса на лучший каравай Брестской области, в котором приняли участие 16 районов. 📍 Победителем конкурса по результатам онлайн-голосования признан каравай Березовского района, за который свои голоса отдали более 4 тысяч человек. Ближайшим преследователем стал каравай Малоритского района, получивший 2,5 тысячи голосов. 🏆 Награду за победу в конкурсе из рук председателя Брестского облисполкома Петра Пархомчика получил глава Березовского района Вячеслав Метлицкий. 📌 Лучший каравай Брестской области испекли на Березовском комбинате кооперативной промышленности. #каравай #дожинки2024 #областныедожинки #сельскоехозяйство #березовскийрайон #брестскаяобласть #первыйрегион

♬ оригинальный звук — BEREZA.BY

Аксана НАРКЕВІЧ

Фота і відэа Аляксандры ДЗЕРБІС

Подписывайтесь на нас в Telegram!

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Поделиться

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: