Творчых таленавітых людзей на Бярозаўшчыне нямала, але аўтар вучэбных дапаможнікаў для школ у нас адзін. Гэта намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы №1 імя воіна-інтэрнацыяналіста Віктара Галаўко г. Бярозы, настаўнік-метадыст Мікалай Васільевіч Жуковіч.
Пад яго аўтарствам на гэты раз выдадзены чарговы вучэбны дапаможнік “Беларуская літаратура” для вучняў 5 класа з беларускай і рускай мовамі навучання. Прозвішча нашага земляка ўжо пяты раз з’явілася на вокладцы вучэбнага дапаможніка для дзяцей усёй рэспублікі. Новую кнігу, акрамя Жуковіча, складалі яшчэ два аўтары – прафесар БДУ Вольга Праскаловіч і старшы выкладчык, ветэран педагагічнай працы Людміла Цітова.
Па новым вучэбным дапаможніку Мікалая Жуковіча пачнуць займацца вучні з 1 верасня 2021/2022 навучальнага года
Выйшла пакуль толькі першая частка, і яна мае істотнае адрозненне, якое адразу заўважаць настаўнікі беларускай мовы і літаратуры. Як і ў падручніках літаратурнага чытання для вучняў 2–4 класаў, і ў гэтай кнізе перад кожным тэматычным раздзелам з’явіліся літаратурныя навігатары, якія накіроўваюць настаўнікаў і школьнікаў засяродзіць увагу на мэту вывучэння беларускай літаратуры як вучэбнай дысцыпліны. Акрамя ўжо добра знаёмых малюнка-застаўкі і эпіграфа, на старонцы яскрава акрэсліваюцца наступныя кірункі: “Літаратуразнаўчыя аб’екты для вывучэння”, “Гэта трэба ведаць”, “Гэтаму неабходна навучыцца”, “Над гэтым варта задумацца”. Перад кожным праграмным мастацкім творам, як і ў 4 класе, уведзена рубрыка “Літаратурная размінка”, якая прымушае ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу ўзгадаць, напрыклад, пісьменнікаў, назвы іх твораў ці персанажаў, якія ўжо вывучаліся і сустракаліся ў папярэдніх класах на адпаведную тэму. Нязменнай застаецца важная рубрыка “У свеце мастацтва”, з дапамогай якой настаўнік зможа наладзіць міжпрадметныя сувязі з іншымі відамі мастацтва – жывапісам, музыкай, скульптурай і іншымі. Перад праграмным творам аўтарамі ўведзены невялікія літаратуразнаўчыя нататкі з жыцця пісьменнікаў, якія прама ці ўскосна маюць сувязь і раскрываюць прычыны напісання адпаведнага верша, апавядання ці казкі. Перагледжаны і сталі больш даступнымі для разумення дзяцей літаратуразнаўчыя артыкулы і метадычны апарат.
А настаўнік-навуковец працягвае сваю нястомную працу і рыхтуе вучэбна-метадычны комплекс пад новы падручнік для 5 класа. Падводзіць да завяршэння метадычную кнігу настаўнікам беларускай мовы і літаратуры пад назваю “Канспекты ўрокаў дадатковага чытання ў 5 класе”, якая павінна выйсці ў свет гэтай вясною.
У мінулым годзе Мікалай Васільевіч выдаў для настаўнікаў пачатковых класаў чатыры метадычныя дапаможнікі “Літаратурнае чытанне ў 4 класе” і “Канспекты ўрокаў пазакласнага чытання” ў 2, 3 і 4 класах. На сёння ў яго скарбонцы ўжо 13 кніг.
Разалія КАРПЕШ