У атмасферы традыцыйнага беларускага каларыту, ярка і эмацыйна ў яслях-садзе №10 г. Бярозы 11 лютага прайшло фальклорнае свята “Вячоркі”– забава для дзяцей старэйшай групы”.
“Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчана” – словамі класіка адкрылі мерапрыемства вядучыя Марына Лысюк, педагог-выхавальнік, і Алена Усовіч, педагог-дэфектолаг. Яны запрасілі ўсіх гасцей на “Вячоркі” ў звычайную сялянскую хату, дзе іх сустракалі Гаспадар і Гаспадыня ў выкананні педагогаў-выхавальнікаў Святланы Скробат і Эліны Іванюк. Вядома ж, гасцямі сталі дзеці, якія ўдосталь пазабаўлялі гаспадароў спевамі і прыпеўкамі, танцамі і гульнёй на музычных інструментах, жартоўнымі сцэнкамі і вершамі на роднай мове. Таксама з задавальненнем пагулялі ў традыцыйную народную гульню-карагод “Дударык”. За свае шматлікія таленты і падораны настрой госці атрымалі ад майстрыцы Ульяніцы (педагог-выхавальнік Марына Тарасевіч) прыгожыя ручнікі і напаследак выканалі зачаравальны танец з імі.
Актавая зала ўстановы на некаторы час ператварылася амаль у сапраўдную сялянскую хату. Звыклая для старэйшых людзей мэбля: драўляныя стол з лавай, куфар, ложак з дзіцячай калыскай побач – стваралі адпаведны інтэр’ер. Вылучаўся таксама голоўны атрыбут сялянскай сядзібы – печка, на падлозе – даматканыя палавікі, а на сценах – вышываныя ручнікі і маляўнічыя выцінкі. Хатняе начынне дапаўнялі чыгункі, гліняныя збанкі, саламяныя цацкі і нават пралка з пачатай пражай. Адным словам, усё з разуменнем і густам.
– Да “Вячорак” мы рыхатваліся амаль усім калектывам, – тлумачыць намеснік загадчыцы па асноўнай дзейнасці Таццяна Рэгіс. – У студзені наш яслі-сад павінен быў прымаць раённае метадычнае аб’яднанне для музычных кіраўнікоў, але з-за эпідэміялагічных абмежаванняў яно не адбылося. Ты не менш і педагогі, і дзеці правялі вялікую працу, таму мы вырашылі запісаць мерапрыемства на відэа і падзяліцца нашым вопытам з калегамі ў анлайн-фармаце. Плануем гэты відэафільм размясціць на нашым сайце для агульнага карыстання.
Прыхільнасць народным традыцыям у яслях-садзе №10 г. Бярозы зусім невыпадковая. У мінулым годзе ва ўстанове завяршылася рэалізацыя іннавацыйнага адукацыйнага праекта “Укараненне мадэлі арганізацыі патрыятычнага выхавання ва ўстанове дашкольнай адукацыі”, аб чым на старонках “Маяка” ўжо распавядалася. Адзін з яго накірункаў – выхаванне ў дзяцей павагі і цікавасці да беларускіх традыцый, роднай мовы. Дарэчы, яслі-сад №10 – адна з тых дашкольных устаноў, дзе для дзяцей штотыднёва праводзіцца беларускамоўны дзень. Заахвочаюць выхаванцаў таксама да вывучэння беларускіх песняў, танцаў, абрадаў і народных гульняў. Музычныя кіраўнікі Алена Зарубіна, Аксана Хвядчэня і Ірына Гурская амаль для кожнага каляндарнага свята ў садку імкнуцца дадаць нацыянальныя ноткі. Таму вельмі натуральна і шчыра гучалі словы аднаго з маленькіх артыстаў “Мы – дзеці-баларусы, сыграем і спяём”.
Дзмітрый МУЗЫКА
Фота аўтара
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: