У рамках мерапрыемстваў рэспубліканскага марафону моладзі і студэнцтва “Усе залежыць ад нас!” актыў моладзі горада энергетыкаў наведаў экспазіцыйную залу “Лянок” гісторыка-краязнаўчага музея гімназіі Белаазерска.
Гаспадыня залы – кіраўнік музея, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна Васільеўна Скарына правяла для гасцей інтэрактыўную экскурсію, у ходзе якой маладыя людзі не заставаліся проста слухачамі і назіральнікамі, а ўключыліся ў пазнавальную работу. Як знатакам у папулярнай гульні “Што? Дзе? Калі?”, белаазерскім юнакам і дзяўчатам давялося шукаць адказы на цікавыя пытанні.
Тэматыка экскурсій залы “Лянок” даволі шырокая, тут назапашаны вялікі аб’ем матэрыялаў і распрацаваны сцэнарыі экскурсій да экспазіцый “Працэсы апрацоўкі лену і ткацтва”, “Наш забыты фартушок”,”Бабулін куфар: ручнікі”, “Жаночы строй”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва нашага краю”. Паколькі госці ўпершыню наведалі музей гімназіі, то ім прэзентавалі ўсе напрамкі – “крышачку з усяго”, а пры жаданні можна потым вярнуцца і даведацца больш падрабязна пра тое, што зацікавіла.
Экскурсавод пачала з лену і адразу зачаравала гэтай культурай: “Лен – расліна, якая дае чалавеку ўсе: нават калі ў нас будзе адзін лен, мы пракормімся, палечымся, адзенемся”, – так прарэкламавала лен яна. У тых, хто ніколі не бачыў лену, была магчымасць адшукаць яго сярод іншых зелак і патрымаць у руках, знайсці семачку і зразумець, як дастаць са сцяблінкі ільняную нітачку. Дарэчы, Галіна Васільеўна вырошчвае лен на дачы на патрэбы музея. Яна паказала арыгінальныя прылады для апрацоўкі лену: прач, веялку-шуфлік і начоўкі, трапло, часалку жалезную і са шчаціны кабана, верацяно, калаўрот, дарослую і дзіцячую пралкі, кросны, матавіла, берда, а таксама расказала пра ўвесь працэс з таго моманту, як лен рвалі, да выхаду гатовай тканіны і жаночага і мужчынскага адзення.

Яркімі экспанатамі музея з’яўляюцца ручнікі, якіх тут больш за паўсотню. Самыя прыгожыя прызначаліся для ікон – набожнікі. На вяселле дзяўчаты рыхтавалі прыкладна сорак вясельных ручнікоў. Штодзеннага карыстання – уцірачы, для выцірання рук і твару, яны рабіліся доўгімі, бо сем’і раней былі вялікімі, а кожнаму мець асабісты ручнік было не прынята. Ручнікападобны жаночы галаўны ўбор – намітку, які раней насілі замест хусткі, можна было навучыцца павіваць, і дзяўчаты скарысталі гэту магчымасць: спачатку схавалі валасы пад чапец, потым адпаведным чынам павілі намітку – атрымалася прыгожа. Сапраўднай загадкай для гасцей-“знатакоў” стаў доўгі вузкі ручнік, на махрах якога шмат вузельчыкаў, – трапкач, які меў практычнае выхаваўчае значэнне: ім трапалі дзяцей за непаслухмянства. Як? Галіна Васільеўна дала паспрабаваць наведвальнікам “народнай педагогікі”: госці працягнулі рукі і атрымалі нямоцны ўдар трапкачом, аказалася, што вузельчыкі адчувальна б’юць. А калі яшчэ і намачыць…
Моладзь, адчуваючы добразычлівасць гаспадыні, хацела паспрабаваць усе, што прапаноўвалі: і нітку ільняную спрабавалі скруціць, і на трываласць яе правяралі, і за кросны селі. Цікава было ўсе, асабліва разнастайныя побытавыя рэчы, многія з якіх эксклюзіўныя, як балотаступы для людзей і коней, або іголка для пляцення лапцей, або прас, паддувала якога закрывае крышка з выявай твару Льва Талстога – так на дзяржаўным узроўні падкрэслівалася, што ен адлучаны ад царквы, – гарыць у вечным полымі. Нават звычайныя збаны, бязмен здзівілі сваей разнастайнасцю. Выклікала захапленне і гордасць тое, наколькі ва ўсім назіралася імкненне нашых продкаў да хараства.
Але без таленту экскурсавода ўсе гэта – проста рэчы. Менавіта ўменне Галіны Васільеўны зацікавіць і здзівіць, зрабіць экскурсію насычанай і ў той жа час легкай для ўспрымання, да месца пажартаваць і падкінуць загадку разам з яе эрудыцыяй і дарам быць жаданым субяседнікам ставяць музейнае падарожжа на вышыню спектакля прафесійнага ўзроўню. Да таго ж і рэчы самі сябе не знойдуць – калекцыю яе гаспадыня збірае трыццаць год, у гэтым ей дапамагаюць вучні, калегі, сябры, знаемыя, нават, бывае, са сметніка прыносяць шыкоўныя вышытыя ручнікі.
На развітанне кожны патрымаў у руках чароўны камень – крэмень з пакінутымі маланкай слядамі-дзіркамі. Гавораць, ен выконвае жаданні і ўжо нават есць гэтаму сведкі. Не ведаю, што загадалі маладыя людзі, але пераканана, што ў многіх, як і ў мяне, узнікла жаданне вярнуцца сюды яшчэ, тым больш што Галіна Васільеўна запрасіла наведаць залу, прасвечаную жыццеваму і творчаму шляху Ніны Мацяш, і гістарычную залу музея.
Оксана НАРКЕВИЧ
Фото автора
Подписывайтесь на нас в Telegram!

