Роднае слова – гэта не проста набор гукаў, а мост, які злучае пакаленні, які напамінае пра карані і прыналежнасць да сваёй зямлі. У ім жывуць калыханкі маці, мудрасць продкаў, шэпт лясоў і шум родных абшараў. Родная мова, роднае слова не дае свайму народу страціць сувязь з мінулым, зруйнаваць сучаснасць і страціць будучыню. Дзень беларускага пісьменства – свята яднання друкаванага слова, літаратуры і народа – прайшоў у Лідзе. Было тут на што паглядзець, з чым пазнаёміцца і што паказаць. Сярод яго удзельнікаў былі і нашы землякі.
Горад, насычаны гісторыяй і культурай, ператварыўся ў адкрытую сцэну, дзе роднае слова гучала на навуковых дыскусіях і вулічных чытаннях, музейных экспазіцыях і майстар-класах, на дзясятках пляцовак і ад сотняў удзельнікаў.
У складзе дэлегацыі Брэсцкай вобласці ў свяце прынялі ўдзел настаўнікі і вучні сярэдняй школы вёскі Здзітава Бярозаўскага раёна: намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вераніка Бяценя, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, кіраўнік школьнага музея Святлана Казадаева, вучаніцы Настасся Мяшковіч і Ганна Папко. Яны сталі ўдзельнікамі інтэрактыўнай пляцоўкі музеяў устаноў адукацыі “Шануем. Памятаем. Ганарымся” з экспазіцыяй “У сэрцы ты ў кожнага, Перамога!” музея баявой славы 174-га стралковага палка 20-й стралковай Баранавіцкай двойчы Чырвонасцяжнай ордэна Суворава дывізіі. Гасцям свята было што пабачыць у экспазіцыі: салдацкую самаробную кружку з гільзы, нямецкі складны салдацкі набор, палявы тэлефон ТА-57, шмат гістарычных сапраўдных дакументаў і фотаздымкаў, франтавыя лісты, успаміны ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, кнігі аб падзеях бою каля вёскі Шылін у ліпені 1944 года. Таксама ў экспазіцыі – літаратурная выстава “Бярозаўскі край. Ведаць і ганарыцца”. На ёй настаўнікі і вучні прэзентавалі творы нашых землякоў аб Вялікай Айчыннай вайне: кнігі Міхаіла Шыманскага, Яўгена Сялені, Валерыя Няпаркі, Сяргея Руціча і іншыя. Для наведвальнікаў экспазіцыі Настасся Мяшковіч і Ганна Папко праводзілі экскурсію “Памяць скрозь дзесяцігоддзі”, а таксама інтэрактывы – віктарыну “Пяць ключоў ад рэчмяшка салдата”, настольную гульню “Гаворачыя памятнікі Бярозаўскага раёна”. Юныя экскурсаводы, апранутыя ў амуніцыю савецкага салдата, каб яшчэ больш пагрузіць наведвальнікаў у гістарычную эпоху, спявалі пад гітару песні ваенных часоў, чыталі вершы. Выставу наведала намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая. Настаўнікам і вучням былі ўручаны сертыфікаты ўдзельнікаў інтэрактыўнай пляцоўкі.

– Школьныя музеі ваенна-гістарычнай накіраванасці дапамагаюць выхоўваць патрыятызм, гістарычную свядомасць і пачуццё адказнасці за памяць пакаленняў, спрыяючы глыбокаму вывучэнню гісторыі праз экспанаты, дакументы і аповеды ветэранаў, – адзначыла Святлана Казадаева. – Вельмі прыемна і адказна, што наш музей стаў адзіным прадстаўніком ад Брэсцкай вобласці.
На вуліцах, якія падчас свята сталі пешаходнымі, працаваў горад майстроў з майстар-класамі. З’ехаліся ўмельцы з усёй краіны. Упраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама прэзентавала маштабную выставу “Нематэрыяльная культурная спадчына Брэсцкай вобласці”. Кожны жадаючы мог не толькі пабачыць, але і атрымаць майстар-клас з рук у рукі ад носьбітаў традыцый. Народны майстар Беларусі, старшыня праўлення Брэсцкага абласнога аддзялення ГА “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці” Таццяна Зданевіч правяла майстар-клас па роспісу на шкле. У выставе таксама была прадстаўлена шчэпавая птушка Аляксандра Лаўрыновіча, майстра народных рамёстваў Цэнтра дзіцячай творчасці і народных рамёстваў.
Жанна МІРОШНІК
Фота з архіва Святланы КАЗАДАЕВАЙ і Таццяны ЗДАНЕВІЧ
Подписывайтесь на нас в Telegram!

