Зномы

*

Пасля месяца заняткаў новай мовай неспадзявана заўважыў, што яна да мяне не набліжаецца, а, наадварот, аддаляецца.

Прычына была на паверхні і адначасова мела глыбокую падаснову: стамілася імкненне – і перастала быць відушчым, а разам з ім пачаў згасаць і вынік.

Давялося адступіцца — вяртацца ў пачатак, калі тое, чым займаешся, табе ў цікавасць і ў адкрыццё.

*

Вершы, што пішуцца і чытаюцца, на якой бы мове ні былі напісаны, — транскрыпты мовы, што засталася ў пачатку, у тым пачатку, калі словам тварыўся свет.

*

Калі сустракаюцца двое, сама сустрэча становіцца нечым трэцім, што вызначае паводзіны тых дваіх і мае свой кшталт і модус.

*

Падышоў да той хаты, што пад ліпаю, і раптам, быццам іх нехта штурхануў знутры, дзверы адчыніліся… Пакінутыя хаты – яны скрозь: і ў адной вёсцы, і ў другой, і ў трэцяй, на іх нават няма замка. Хочаш – уваходзь, хочаш – усяляйся.

Але ўваходзіць не хочацца: у іх ужо нешта ўсялілася само – у іх усялілася нешта не тое.

*

«І са шчытом ці на шчыце ў краіну нашу зноў мы прыйдзем», – гэтымі радкамі завяршаецца знакаміты верш-выклік Алеся Дудара. Прыйсце доўжыцца, краіна аддаляецца і западае за далягляд, і адно вершы становяцца тымі ваярамі, якія туды даходзяць – са шчытамі і на шчытах.

*

Калі знемагае агонь, тады пераймае ўладу дым і куродым аб’яўляе свае выявы.

Ім няма месца ў агні, але і без агню іх няма, і яны не гасяць яго дарэшты, а ўпрыгожваюць – аздабляюць сабой.

Аздобнае – месца, дзе вядуць сваю гульню самасці.

*

«Я не анёл», – кажа адзін і кажа другі.

Але між гэтымі словамі і між самімі гэтымі людзьмі істотная розніца: адзін спрактыкаваны махляр, другі амаль праведнік. 

*

Школа не для таго, каб у ёй заставацца, а каб, асвоіўшы яе праграмы і засвоіўшы ўрокі, яе пакінуць. «Можна было б, я пражыла б сваё жыццё яшчэ раз», – кажа руплівая гаспадыня з Роўнага Поля, знахарка – знаўца ўсіх зёлак. Пытаюся ў яе сына, што ўсё ніяк не абзавядзецца сваёю сям’ёю: «Чаму твая матуля хоча заставацца ў тым самым класе на другі год?». Ён не мае адказу. Яна таксама. Жыццё – школа.

*

Жук, Жукаў, Жукоўскі, Жуковіч, Жукаўскас… – «жук», што так спраўна паўсяляўся ў людскія прозвішчы, мае мець не абы-якія і адно яму ўласцівыя асаблівасці, імі вызначацца, імі пазнавацца, імі атэставацца, хто ён і што.

Хто ён і што? Літоўскае слова zuklys падказвае знанае: рыбак.

*

Верш пераймае асаблівасці эсэ і апавядання, эсэ і апавяданне – асаблівасці верша. Але асноўная асаблівасць прозы, што застаецца адно з ёю, у тым, што яна кажа тое, што выяўляе; і асноўная асаблівасць паэзіі, што, у сваю чаргу, застаецца адно з ёю, у тым, што яна выяўляе тое, што застаецца нявыказаным.

*

Старасць марыць пра маладосць…

Не зважаючы ні на што і ні на кога, спадар Леанід, якому трохі болей за восемдзесят, ідзе Доўгаю вуліцай і нясе галінку ружовага бэзу. Ідзе са старасці ў маладосць. Аднак тая, каму ён яе аддае, не хоча станавіцца ягонай спадарожніцай і, пацешыўшыся ды прыняўшы ягоны дарунак, наўзамен уручае яму сцяблінку крапівы ды яшчэ сцёбае ёю. Ён яе не выкідае, трымае і разам з ёю падаецца той самаю вуліцаю назад – з пяклівай адзнакаю маладосці на руцэ.

*

З кожнай наступнай прыступкай папярэдняя пакідаецца, калі не пакідаецца – наступная не асягаецца.

Перашкоды – набыткі, якімі належыць авалодваць; набыткі – перашкоды, якія належыць адпускаць.

*

«Біце ў сэрцы іх, – біце мячамі, не давайце чужынцамі быць!..» – радкі з «Пагоні» Максіма Багдановіча.

Чужынцамі становяцца знутры, калі згасаюць у сэрцах агні, калі знадворнае засланяе ўнутранае, часовае – вечнае, поцемнае – святое, разумовае – боскае.

Мечы прызначаны для таго, каб імі змагацца з ворагам, ваяваць, забіваць, але ў вершы ў іх іншае прызначэнне. Яны маюць тое ж прызначэнне, што і меч, пра які ў Евангеллі гаворыць Ісус Хрыстос: «Не мір прыйшоў Я прынесці, а меч». Меч – не забіваць, а абуджаць, не знішчаць, а ўваскрашаць, не губіць, а аднаходзіць. Мечы ў «Пагоні» аднаходзяць сваё і сваіх.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Поделиться

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: