Народныя дары музею-юбіляру — BEREZA.BY

У юбілейны для Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея год навуковыя супрацоўнікі сабралі шчодры ўраджай прадметаў-дароў ад удзельнікаў аб’яўленай акцыі “Я дарю музею!”.

Упершыню ў калекцыі гістарычных знаходак з’явіўся каменны наканечнік кап’я, які знайшоў жыхар г. Бярозы Ф.Г. Бялевіч. Тайну нетраў старажытнай бярозаўскай зямлі захоўвае і невялікі, але каштоўны камень з выразным адбіткам у ім выкапнёвага малюска, таксама прынесены гэтым сябрам музея.

Дырэктар музея Таццяна Леванюк і галоўны рэдактар «Маяка» Віктар Дулевіч

З адказнасцю аднесліся да сваёй археалагічнай знаходкі Павел Сіліч і Віктар Казлоў, перш чым прапанаваць яе музею: чысцілі, шаравалі, вымочвалі ў спецыяльным растворы, пакуль з кавалка іржавага жалеза не “вымаляваўся” тапор (сякера) з доўгай барадой і шырокім лязом. Як пацвердзілі спецыялісты, пасяленцы вёскі Сабалі і яе наваколля, дзе быў знойдзены прадмет гісторыі, маглі ім карыстацца ў XII – XIII стагоддзях як зброяй у ваенны час, а штодзённа – у гаспадарцы, будаўніцтве. Сёлета старажытнарускі баявы тапор выстаўлены ў археалагічнай зале разам з другімі артэфактамі.

Галоўны рэдактар раённай газеты “Маяк” Віктар Дулевіч распачаў свае знаёмства з бярозаўскім краем з візіту ў гісторыка-краязнаўчы музей. Госць наведаўся не з пустымі рукамі, з ім “прыйшлі” цудоўныя лапці, што былі знойдзены ў 2019 годзе на гарышчы старога дома ў г. Шклове падчас яго рэканструкцыі. Гэтая пара – дар старадаўняга абутку – адна з тых пяцісот пар, што праляжалі там 100 гадоў і вельмі добра захаваліся. Лапці – не простыя, а святочныя, іх нашы продкі насілі падчас урачыстасцяў, з адмысловым пляценнем, са спалучэннем чырвонага і белага лыка, адным словам, шыкоўныя, нават з асобым пахам драўніны. Сапраўды Божым дарам можна назваць яшчэ адзін падарунак Віктара Іванавіча – дзве карціны з вобразамі святых лікаў, якія напісаны рукою святара, ураджэнца вёскі Сялец Бярозаўскага раёна, айца Міхаіла, у міру Міхаіла Паўлавіча Сазановіча. Шмат гадоў наш зямляк быў настаяцелем царквы Ражства Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Вавулічы Драгічынскага раёна. Аднойчы прыхаджане ўбачылі новыя іконы, створаныя самім святаром. У сталым узросце ён з юнацкім захапленнем пачаў пісаць іконы і мастацкія палотны. Дарэчы, некалькі работ Міхаіла Сазановіча ўключаны ў кнігу “Помнікі мастацкай культуры Беларусі” 2009 года выдання.

Мода 50-х гадоў

Упэўнена ў пазнавальнай каштоўнасці свайго дара музею цырульніца Аксана Сліўко, якая самастойна ацаніла дасягненне дызайнераў 50-х гадоў – сеткавы лямпавы радыёпрыёмнік “Звезда-54” чырвонага колеру. Сапраўды, газеты і часопісы таго часу звычайны тавар шырспажыву назвалі “піскам моды” з-за яго прывабнага выгляду: футляр радыёпрыёмніка быў чырвонай альбо зялёнай каляровай гамы. І гэтай мадэрнізацыяй, канешне, вылучаўся сярод ранейшых шэрых мадэляў.

Музей у Бярозе заўсёды дае магчымасць наведвальнікам павандраваць па розных эпохах, у тым ліку па савецкай. Колькі дакладных прадметаў тых ужо далёкіх часоў засталося ў нас пасля так званых еўрарамонтаў? Колькі рарытэтаў павыкідвана на сметнікі? Таму бярозаўскія музейшчыкі вельмі рупліва фарміруюць фондавую калекцыю такіх артэфактаў, сярод якіх – савецкая атрыбутыка, друкаваная прадукцыя, бытавая тэхніка, посуд, абутак, адзенне.

Прыемна, што ў музейнай акцыі 2020 года прынялі ўдзел сельскія жыхары. Бібліятэкар Сялецкага ВПК я/с – СШ Тамара Неліповіч прынесла ў дар тры кнігі з поўнага збору твораў пісьменніка Дзмітрыя Маміна-Сібірака, выдадзеныя ў 1916 годзе ў Петраградзе. Такія кніжачкі ў тонкім пераплёце атрымлівалі падпісчыкі штотыднёвага ілюстраванага часопіса “Нива”. Больш 30 гадоў рарытэт стаяў на кніжнай паліцы хатняй бібліятэкі Тамары Мікалаеўны, прывезенай ад сваякоў з Расіі, а сёння ён перамясціўся ў музейную калекцыю, каб адкрыцца наведвальнікам ў якасці экспаната кніжна-паліграфічнай культуры мінулага.

Да Другой сусветная вайны старажытная Бяроза была яўрэйскім мястэчкам. Нават будынак, у якім сёння працуе музей, быў пабудаваны яўрэем Сохарам Клініцкім (Келніцкім), які трымаў у ім лаўку, а перад вайной выехаў у Польшчу. “Яўрэйскую” гісторыю горада расказвае, напрыклад, такі экспанат, як традыцыйны яўрэйскі надмагільны помнік з надпісам на іўрыце, мацэва. І да гэтага часу жыхары края знаходзяць іх у розных мясцінах і нясуць у музей. Сёлета да шасці такіх пліт з эпітафіямі, што размешчаны ў экспазіцыі, дабавілася яшчэ адна, не падобная на папярэднія. Яе адшукаў бліз фартыфікацыйнага збудавання ваеннага часу Аляксандр Жабрун, не ведаючы, што за дзіўны камень з незразумелым пісьмом. На дапамогу прыйшоў мясцовы краязнаўца, журналіст Мікалай Сінкевіч, які і выявіў у ім мацэву. Незвычайнасць яе ў тым, што яна зроблена не з шэрага пясчаніка, як большасць бярозаўскіх мацэвот, а з граніту і датавана 1872 годам. Надпіс на такім цвёрдым матэрыяле зрабіць няпроста, і тым не менш ён выразны і чытабельны: “Пахавана жанчына спадарыня Бессі, дачка Гэшіль 10.06.1872”.

Тры папярэдніх маўклівых помніка-артэфакта расказалі пра гаркату сына “па яго маці, дарагой, маладой”, аб нябожчыку “першынцу Гілелю”, пра мужчыну, што “пайшоў для жыцця ў Будучым свеце… з добрым імям… 3 дня месяца хешван 5664 (25.10.1903)”.

Калектыў музея ўдзячны Леаніду Смілавіцкаму, доктару гістарычных навук, спецыялісту па вывучэнні гісторыі яўрэяў Беларусі, які пражывае ў Іерусаліме, за тое, что ён “ажывіў” і надпісы на плітах, і памяць аб продках.

Сёння, нягледзячы на кавідныя перашкоды, бярозаўчане прыходзяць у свой музей, каб наведаць выставу “55: История музея в коллекциях”, дзе маюць магчымасць убачыць экспанаты з нашых запаснікоў і падарункі 2020 года.

Ала ДРАГАН, супрацоўнік Бярозаўскага гісторыкакраязнаўчага музея

Поделиться