У красавіку 2021 г. Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь узбуджана і расследуецца крымінальная справа па факце ўчынення нацысцкімі злачынцамі, іх памагатымі, нацыяналістычнымі фарміраваннямі генацыду беларускага народа ў ходзе Вялікай Айчыннай вайны, у пасляваенны перыяд (да 1951 г.) на тэрыторыі БССР і іншых дзяржаў.
Навошта зараз варушыць мінулае, вярэдзіць ледзь зарубцаваную рану, нанесеную нашай краіне падзеямі Вялікай Айчыннай вайны? Адказ на гэтае пытанне, у першую чаргу, абумоўлены неабходнасцю ўстанаўлення ўсіх ахвяр фашысцкай агрэсіі, недапушчэння іх забыцця. Бо калі не зрабіць гэта зараз, то праз гады выявіць праўду будзе яшчэ цяжэй: нас пакінуць апошнія сведкі і відавочцы тых падзей, а магілы ахвяр зарастуць лясамі.
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў жыццё беларусаў не на многа стала спакайнейшым. Злачынствы ў адносінах да мірнага насельніцтва працягваліся. Гэты час стаў росквітам бандытызму. Былыя паліцаі, нацыяналісты і звычайныя бандыты аб’ядноўваліся ў групы і хаваліся ў лясах. Яны ставілі перад сабой мэту весці ўзброеную барацьбу супраць савецкай улады. Вынікам іх дзейнасці былі запалохванні, рабаванні і забойствы…
У вёсках Кашалёва і Міхалкі (цяпер – Сігневіцкі сельсавет) трагічны лёс закрануў дзве сям’і. Першай ахвярай бандытаў стаў старшыня Пешкаўскага сельскага Савета Якім Аляксандравіч Качаржынскі. Ён нарадзіўся 22 сакавіка 1910 года ў в. Боркі. Закончыў польскую школу. Жаніўся на Таццяне Ільінічне Шымчук. Калі пачалася вайна, нарадзіўся сын Аляксей. Паколькі Якім Аляксандравіч быў граматным, падчас акупацыі стаў партызанскім сувязным. У 1943 годзе дом у в. Міхалкі, у якім жыў Якім Аляксандравіч з жонкай і сынам, быў спалены, таму Качаржынскім прыйшлося пасяліцца на хутары ў дзядзькі “Сэмэнка”. Пасля вызвалення нашага раёна ад акупантаў, яго выбралі старшынёй Пешкаўскага сельскага Савета.
Членам бандфарміравання было дадзена заданне забіць актывіста савецкай улады Якіма Качаржынскага. Зрабіць гэта было не проста, бо старшыні сельсавета для абароны выдалі нямецкую вінтоўку.
22 красавіка 1945 года пасля працоўнага дня Якім Аляксандравіч вярнуўся на хутар і пачаў завіхацца па гаспадарцы. Хутар быў у лесе, сярод зарасніку, таму бандытам было лёгка схавацца. Яны пабачылі, што Качаржынскі бяззбройны, схапілі яго і павялі ў бок урочышча Осык. Гэта ўсё бачыла яго жонка Таццяна. Яна чакала мужа дахаты, але і праз некалькі дзён ён не вярнуўся. Тады Таццяна са сваімі роднымі пайшла яго шукаць. Доўга яны хадзілі па лесе. Праз некаторы час збоку ад дарогі ўбачылі накіданае ў адну кучу свежае галлё. Пад ім знайшлі забітага Якіма. Пахавалі яго з ушанаваннем 30 красавіка на могілках в. Міхалкі. Праз чатыры месяцы Таццяна Ільінічна нарадзіла сына, якога назвалі ў гонар бацькі Якімам.
29 ліпеня 1945 года на партыйным сходзе выступала сакратар Пешкаўскага сельскага Савета Надзея Строк. Яна абвясціла пра палітычную амністыю савецкіх грамадзян, якія супрацоўнічалі з акупантамі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, заклікала выходзіць з лясоў і складваць зброю. Нехта з залы выкрыкнуў, што Надзея ўжо “дагаварылася”… У ноч на 30 ліпеня ў хату сям’і Строк прыйшлі бандыты. Яны спыталі: “Хто Надзея?” Дзяўчына адазвалася і адразу ж была забітая. Ёй быў 21 год. Следам забілі і яе бацьку Міхаіла Давыдавіча. Сястру Нюру паранілі. Пашчасціла толькі маці Кацярыне і малодшай сястры Домне – яе паспелі схаваць пад печ. Браты Леў і Мікалай у той час знаходзіліся ў Маскве. Тым, хто застаўся ў жывых, бандыты загадалі не выходзіць з дому да ранку. Усю ноч Кацярына са сваімі дочкамі была ў хаце з забітымі роднымі. Надзея Міхайлаўна і Міхаіл Давыдавіч Строк былі пахаваныя на могілках в. Міхалкі.
Удзельнікі банды былі схоплены і за свае злачынствы асуджаны ваенным трыбуналам.
У гонар землякоў, стаўшых ахвярамі памагатых генацыду, устаноўлены помнік у парку в. Кашалёва. Імем Якіма Качаржынскага названа адна з вуліц у в. Міхалкі.
Сёння, як ніколі, усім сваім жыццём, вучобай, працай, службай, выхаваннем дзяцей кожны з нас абавязаны падтрымаць сістэмныя дзеянні дзяржавы па захаванні памяці аб загінуўшых у гады ваеннага ліхалецця. Трапяткія адносіны да свайго гістарычнага мінулага дапамогуць зберагчы і ўмацаваць адзінства нашай Радзімы.
Наталля МІКІЦІЧ, Людміла КАСЕВІЧ, настаўнікі Боркаўскай сярэдняй школы
Подписывайтесь на нас в Telegram!
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: