Ёcць любoў дa блiзкaгa чaлaвeкa, дa poднaй зямлi, дa cцeжaк мaлeнcтвa. А ёcць любoў дa роднай школы, дзе кожны чалавек вучыўся і адкрываў для сябе нешта новае. У баку ад шумных дарог сціпла схавалася Здзітаўская сярэдняя школа, якая адзначыла 60-гадовы юбілей. Але ж з гэтай лічбай могуць паспрачацца гісторыкі, настаўнікі і старажылы вёскі. Чаму? У залежнасці ад таго, з якой даты лічыць адлік гадоў установы адукацыі, у якой, нягледзячы на яе назву, навучалі мясцовых хлопчыкаў і дзяўчынак.
Першыя звесткі пра школу з’явіліся ў “Віленскім зборніку” ў 1860 г.: упамінаецца Здзітаўскае народнае вучылішча, якое наведвалі 52 хлопчыкі са Здзітава, Спорава і Хрыса. 3 1895 г. у вёсцы працавала царкоўнапрыходская школа толькі для хлопчыкаў, дзяўчынкі выконвалі розныя работы па гаспадарцы. Настаўнікам працаваў Іван Кот, потым настаўніца Балабушэвіч і настаўнік Іван Міхнюк. Суботамі прыходзіў бацюшка, а па пятніцах унтэр-афіцэр навучаў ваеннай справе. З 1921 па 1939 г. працавала польская пачатковая школа, дзе навучалі вучняў Кшэсняк, Лея, Дзюбак, Зофія Бодзуна. Прыходзіў у школу бацюшка Павел Прорвіч і чытаў Закон Божы.
У гады Вялікай Айчыннай вайны ў спораўскіх балотах базіраваўся штаб Брэсцкага партызанскага злучэння, Брэсцкі падпольны абкам на чале з камандзірам Сяргеем Сікорскім. Пры сямейных лагерах былі створаны лясныя школы. На адным з маленькіх балотных астравоў, прыкладна за тры кіламетры ад Дворышчаў, арганізавалі партызанскую школу. Настаўнікамі былі Марыя Шляхценка і Любоў Грыцова, якія загінулі ад фашысцкай бомбы 3 ліпеня 1944 г.
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вярталася мірнае жыццё ў вёску. Позняй восенню 1946 г. пачала працаваць пачатковая беларускамоўная школа ў хаце мясцовага жыхара Мікалая Чарвякоўскага. Будынка для школы не было, але дапамог выпадак. Стараста вёскі Мікалай Чайчыц (Гірук) назбіраў з насельніцтва грошай і купіў хатку, якую прывёз у Здзітава, каб паставіць царкву. Але мясцовая ўлада не дазволіла – будынак прыстасавалі пад школу. Першым настаўнікам і дырэктарам быў Іван Тарасавіч Кажэка. У 1947 г. прыехала настаўніца А.Ф. Тоўсцік, у 1949-м – Н.Ф. Шляхценка (Міхалкоўская), М.Д. Краўчанка, М.У. Монцік, М.І. Гошка. У 1946-м пачала працаваць пачатковая школа ва ўрочышчы Ямы, дзе працавалі Каўганка, Букініч, К.П. Міхнюк. “Мы, Краўчанка Марыя Дзмітрыеўна і Шляхценка Надзея Фёдараўна, прыехалі ў 1949 г. Наша вёска называлася тады Горбава. Яе жыхары не вельмі радаваліся адкрыццю школы. Перад пачаткам заняткаў мы наведалі сваіх будучых вучняў дома. Аказалася, некаторыя з іх яшчэ былі “на службе”: пасвілі скаціну, дзяўчынкі служылі ў няньках. Гэтае пытанне – наведванне школы дзецьмі – доўгі час было самым балючым”, – успамінала Надзея Міхалкоўская.
Паступова рос калектыў. У 1951 г. прыехалі Н.І. Малаева, І.Ф. Міхалкоўскі, Г.В. Нядзвецкі, В.С. Нядзвецкая, В.В. Гавенчык, І.С. Вашкевіч, Дз.С. Макарэвіч (Вашкевіч). З 1950 па 1959 г. дырэктарам Горбаўскай школы быў Уладзімір Васільевіч Савельеў. У 1952 г. адбыўся першы выпуск сямігодкі. У 1954 г. здзітаўцы дабудавалі два класныя пакоі. Малады кіраўнік аддаваў многа сіл для выканання закона пра ўсенавуч – арганізаваў першую ў раёне вячэрнюю школу сельскай моладзі.
Акрамя сямігадовай школы працавалі тры пачатковыя школы ў заходняй частцы Здзітава: на Чаромушках, Вуглах у хаце Якава Ментуза і ва ўрочышчы Чырыдын. Чацвёртая пачатковая школа была на так званых Дворышчах. Дарогі туды не было, бо скрозь распасціраліся непраходныя балоты. З 1954 па 1957 г. тут працаваў філіял сямігодкі. Пасля заканчэння пачатковай школы дзеці працягвалі вучобу ў Горбаўскай сямігодцы, а так як пражывалі на вялікай адлегласці ад школы, то жылі па 6–7 чалавек у інтэрнаце, які размяшчаўся ў хатах вяскоўцаў. Бацькі плацілі за пражыванне, РАНА выдзяляў грошы на крупу і муку, гаспадыні гатавалі трохразовае харчаванне і атрымлівалі працадні. “Першы наш інтэрнат быў у Манечкі. Вясёлы час, цікавы. Жылі дружна. Неяк усе, хто жыў у інтэрнаце, сышлі з урокаў. Глядзім у акно – ідзе дырэктар Нядзвецкі Генрых Вікенцьевіч. Рашэнне прынялі імгненна. Па-пластунску выпаўзалі з хаты – і ў яму, якая была выкапана для захоўвання бульбы. Пачакалі, каб дырэктар пераступіў парог сенцаў, і бегам праз агароды ў школу. Калі дырэктар прыйшоў, мы сядзелі на ўроках як ні ў чым не бывала”, – так успамінала выпускніца 1967 г. Ніна Курыловіч (Сычык).
У пачатку 60-х гадоў прыехалі маладыя настаўнікі М.І. Валошчык (Каштальян), В.Г. Дронь, К.В. Дронь, М.І. Кашавы, В.С. Вашкевіч, Н.Ц. Данілковіч. Былі пабудаваны новыя будынкі пачатковых школ на Чаромушках і Вуглах, але ўсё роўна вучэбных месц у школе не хапала. У 1962 г. Горбаўская школа стала васьмігодкай. Вучняў было многа – каля 600 чалавек, працавалі ў тры змены. У 1962 г. дырэктар Генрых Нядзвецкі разам са старшынёй бацькоўскага камітэта М.А. Катышковым напісалі пісьмо ў Вярхоўны Савет БССР, у якім расказалі пра цяжкасці адукацыі ў вёсцы. У 1964 г. пабудавалі новы двухпавярховы цагляны будынак сярэдняй школы і 4-кватэрны жылы дом для настаўнікаў, затым інтэрнат для вучняў. У 1966 г. адбыўся першы выпуск Здзітаўскай сярэдняй школы.
Перабраўшыся ў новую школу, калектыў настаўнікаў і вучняў вырашыў, што і жыць трэба па-новаму. Стварылі літаратурны клуб “Алый парус”, пры ім самадзейны тэатр “Бураціна”. Даручэнні ў вучняў былі розныя: хто ўдзельнічаў у драмгуртку, рэдкалегіі, хто ўваходзіў у секцыю афарміцеляў, касцюмераў. Былі бібліятэкары, складальнікі картатэкі, загадчыкі аддзела паэзіі, перапісчыкі роляў для драмгуртка. Вучні стваралі рукапісны літаратурны часопіс “Крынічка”, выпускалі насценгазеты “Рамантык” і “Літаратурную газету”. Існаваў клуб 20 гадоў, яго дырэктарам былі Іван Чалей, Ніна Васілеўская, Валянціна Чайчыц. З успамінаў Ніны Міхайлаўны Курыловіч (Сычык): “Праз усё жыццё пранеслі той дух рамантызму, які быў закладзены падчас удзелу ў рабоце “Алого паруса”. Яго натхняльніца і на працягу многіх дзесяцігоддзяў кіраўнік Надзея Фёдараўна Міхалкоўская і сама была апантаная такім жа настроем. Яна давала магчымасць хоць на нейкі час адчуць сябе артыстам, мастаком, паэтам, рэжысёрам, словам, сапраўдным творцам. Менавіта тут фарміраваліся і такія якасці, як дабрыня, таварыскасць, мэтанакіраванасць, настойлівасць, сумленнасць”.
У 1974 г. адкрыты музей баявой славы. Піянеры абнавілі імёны партызан, якія загінулі ў час баёў з фашысцкімі карнікамі і пры аперацыі, што ўвайшла ў гісторыю пад назвай “Здзітаўская абарона”.
Дырэктарамі школы ў розныя гады былі Валерый Мікалаевіч Пятроў, Валянцін Лук’янавіч Касевіч, Уладзімір Уладзіміравіч Яровіч, Віталій Паўлавіч Жуковіч. Ім дапамагалі намеснікі – Яўгенія Аляксееўна Данілковіч, Валянціна Адамаўна Данілковіч, Алена Іванаўна Чайчыц, Ніна Данілаўна Касевіч, Таццяна Сяргееўна Ажажа. У розныя гады ў школе працавалі цікавыя і таленавітыя людзі. Некаторыя з іх усё жыццё аддалі школе: І.М. Аполька, Н.В. Аполька, Л.А. Вераціла, В.М. Новік, Л.Ц. Яровіч, В.А. Данілковіч, В.С. Вашкевіч, В.В. Гавенчык, А.М. Мастыка, В.І. Пліс. Жывуць у памяці калег і вяскоўцаў імёны Івана Вашкевіча, Івана і Надзеі Міхайлоўскіх, Марыі Каштальян, Анастасіі Тоўсцік, Яўгеніі і Васіля Данілковіч, Канстанціна Міхнюка, Ніны Малаевай, Алены Пракурат. Спіс гэты можна доўжыць, кожны настаўнік быў непаўторнай асобай, тым, з каго бралі прыклад вучні.
У 2011 г. школа атрымала статус Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра комплекснай падтрымкі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця сельскіх тэрыторый. У гэты час у школе выкладаўся курс “Здзітавазнаўства”, аўтар якога Ніна Данілаўна Касевіч, створаны эколага-этнаграфічны музей “Здзітаўскі фальварак”. З 2012 г. школа працуе як інавацыйная пляцоўка Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па тэме “Укараненне мадэлі комплекснай падтрымкі педагагічных ініцыятыў у дзейнасць установы агульнай сярэдняй адукацыі”. На працягу многіх гадоў школа адна з лепшых у раёне па спартыўных дасягненнях.
У 2021 г. установу адукацыі ўзначаліла Таццяна Ажажа. Плённа зараз працуюць у школе Алена Мартысевіч, Алена Чайчыц, Аляксандр Ажажа, Любоў Банасевіч, Ала Панасюк, Ксенія Дзенішчук, Наталля Бярынчык. Па выніках работы сістэмы адукацыі за 2021 год школа адзначана ў намінацыі “Лепшая ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаная ў сельскай мясцовасці” і ўзнагароджана дыпломам II ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. У 2022 г. школа занесена на раённую Дошку пашаны. Вопыт школы быў прадстаўлены пры арганізацыі сустрэчы працаўнікоў устаноў адукацыі Бярозаўскага раёна з міністрам адукацыі Андрэем Іванцом.
Штогод школьнікі з задавальненнем прымаюць удзел у інтэлектуальных і творчых конкурсах розных напрамкаў, прадметных алімпіядах, займаюцца даследчай работай, ствараюць праекты, прэзентацыі на мясцовым краязнаўчым матэрыяле. Выпускніца 2021 г. Аляксандра Канановіч – пераможца заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове, атрымала на ЦТ па нямецкай мове 100 балаў. У 2023 г. на абласным этапе навукова-практычнай канферэнцыі вучні Марыя Чайчыц і Антон Бруйла адзначаны дыпломам ІІ ступені. У пазаўрочны час дзеці маюць магчымасць выбраць сабе занятак, які іх цікавіць: наведаць спартыўныя заняткі па розных напрамках, аб’яднанні па інтарэсах “Юны сталяр”, “Школа юнага журналіста”, праводзяць цікавыя экскурсіі па тэмах “Здзітава ў гады вайны”, “Побыт беларускага селяніна ХІХ стагоддзя”, заняткі ў “пчалінай” школе.
За 60 гадоў існавання школы яе закончылі 1 883 навучэнцы, з іх 12 чалавек атрымалі залатыя медалі і 5 – сярэбраныя. Школа ганарыцца сваімі выпускнікамі, якія сталі вучонымі, настаўнікамі, урачамі, юрыстамі, ваеннаслужачымі, работнікамі прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Многія з іх знакамітыя людзі. Напрыклад, генерал-маёр авіяцыі Іван Васілеўскі, прафесар Мікалай Чайчыц, акадэмік Васіль Сычык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Кавалевіч, дацэнт кафедры філалогіі Алена Леванцэвіч, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу 6-га склікання Віктар Чайчыц, мама-выхавальніца для 19 прыёмных дзяцей Валянціна Казека і многія іншыя. Спадзяёмся, што сучасныя вучні Аляксандра Канановіч, зараз студэнтка БДУ, Дар’я Канановіч, студэнтка БНЭУ, пераможцы прадметных алімпіяд і конкурсаў 2024 г. Міхаіл Шчурко, Лізавета Пракурат, вучні Павел Жуковіч, Анастасія Чайчыц, Іван Дзянісік, Антон Бруйла, Марыя Чайчыц у хуткім часе прадоўжаць слаўную гісторыю Здзітаўскай сярэдняй школы.
Немагчыма ў адным артыкуле расказаць пра ўсіх, хто так ці інакш прылучыўся да гісторыі школы і ўпісаў у яе сваю старонку ці, можа, некалькі радкоў, пра ўсіх, хто сёння яшчэ толькі піша яе гісторыю. Віншуем калектыў Здзітаўскай сярэдняй школы і жадаем, каб школа жыла і плённа дзейнічала яшчэ не адзін год.
Жанна МІРОШНІК
Фото з архіва Здзітаўскай СШ
Подписывайтесь на нас в Telegram!