ФОТАРЭПАРТАЖ. Як жартавалі ў Спораве на абласным фестывалі народнага гумару — BEREZA.BY

Нідзе такога не ўбачыш, як у Спораве, і нідзе больш так не жартуюць, як у Спораве. Яркае, відовішчнае свята сабрала на гэтай гасціннай зямлі лепшых самадзейных гумарыстаў з самых розных куткоў Брэстчыны на восьмым абласным фестывалі народнага гумару “Спораўскія жарты”. Калектывы прыехалі, каб пацешыць гледачоў і журы арыгінальнымі жартамі, анекдотамі, прыпеўкамі і гумарэскамі.

Афіцыйную частку фестывалю “Віват, свята гумару і весялосці” адкрыў старшыня Бярозаўскага райвыканкама Вячаслаў Мятліцкі.

– Прыемна вас вітаць на бярозаўскай зямлі. Кожны такі фестываль – гэта падзея ў жыцці раёна, і да яе мы ўсталявалі ў аграгарадку дзіцячую пляцоўку, абнавілі фасад Цэнтра культуры і вольнага часу, – адзначыў старшыня райвыканкама. – Працуем мы добра, будзем і добра адпачываць. Гумарыстычныя спаборніцтвы сёння будуць цікавымі, мы пачуем шмат жартаў. Жадаю ўсім удзельнікам спаборніцкага азарту.

Вячаслаў Валер’евіч размясціў афіцыйны сімвал фестывалю – чарговага, восьмага, гумарыстычнага спораўскага карася – на спецыяльным “рыбацкім” арт-аб’екце побач з папярэднімі сімваламі.

З прывітальным словам выступіў начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Панасюк. Сярод ганаровых гасцей прысутнічалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Данута Гукіна, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь Наталля Голуб і Васіль Дземідовіч і іншыя. Ганаровым гасцям спараўцы падаравалі брэндавы рыбны каравай: “У нашым караваі нэма з трох палей пшаніцы, з трох азёр водыцы. Ён на муцэ нэ мэшаны, но ў пэчы спэчоны. І падаецца ён з душою і сэрцам, соллю і пэрцэм, оком простым ды словам вострым”.

Кожная дэлегацыя з песнямі і гумарам каларытна прэзентавала свае прывітанні-віншаванні і “заплаціла курортны збор” – напрыклад, “баблагроб”, маларыцкага карася на развод у Спораўскім возеры, палец пінчука.

Яркім і запамінальным стала маляўнічае шэсце творчых дэлегацый па вуліцы вёскі да галоўнай канцэртнай пляцоўкі ля возера, дзе шыкоўныя вядучыя Аляксандр Чайчыц і Ніна Пашкевіч, Дзмітрый Капітанчык і Кацярына Самута абвясцілі пра адкрыццё эколагагумарыстычнага маршруту “Карасёвы плёс” і пра пачатак конкурснай праграмы “Лепш жартаваць, чым гаварыць”.

“Эксперты па турыстычных справах” пад кіраўніцтвам старшыні журы дырэктара Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Наталлі Вальшынец падчас выступленняў калектываў вельмі ўважліва сачылі за кожным адмысловым жартам і каларытным самадзейным артыстам, кожнай вясёлай пастаноўкай.

Шмат шчырых усмешак і радасных эмоцый выклікалі выступленні творчых калектываў вобласці і выканальніцкае майстэрства артыстаў, якія выходзілі на сцэну ў конкурснай праграме свята гумару. Спадабалася гасцям і гаспадарам свята і канцэртная праграма гасцявых калектываў “Суч з вачэй, цяжар з плячэй”, і сольнае выступленне сталічнай артысткі гумарыстычнага жанру Зінаіды Фурор. Цэлы дзень наваколле Спорава сатрасаў дружны смех гледачоў.

Фестываль – гэта таксама выдатная пляцоўка для таго, каб займальна правесці час усёй сям’ёй. Забавы знаходзіліся і для дарослага, і для дзіцяці: атракцыёны, электрамабілі, продаж розных цацак, яркіх кветак, салодкай ваты і папкорна, катанне на прыгожых поні.

Кульмінацыяй фестывалю стала ўзнагароджанне пераможцаў конкурсных праграм. Дыпломы і спецыяльныя прызы былі ўручаны пераможцам у намінацыях за прадстаўленне рэгіёна ў шэсці, за тэатралізаваную жартоўную пастаноўку і іншых. А ў галоўнай намінацыі “Народны гумар” Гран-пры прысуджана тэатру народнага гумару “Лабуры” Іванаўскага раённага цэнтра культуры і народных традыцый, дыплом І ступені атрымалі творчыя дэлегацыі Маларыцкага і Кобрынскага раёнаў, ІІ ступені – Івацэвіцкага раёна і народны тэатр народнага гумару “Спораўскі акалот” Спораўскага цэнтра культуры і вольнага часу, ІІІ ступені – творчая дэлегацыя Пінскага раёна.

Спорава і спараўцы – гэта людзі з пачуццём уласнай годнасці і вялікія жартаўнікі, гэта цэнтр прыцягнення ўсіх аматараў гумару, “Спораўскія жарты” – гэта брэнд нашага раёна.

@bereza.by

? В аг. Спорово в восьмой раз проходит областной фестиваль народного юмора «Спораўскія жарты» #народныйюмор #фестивальюмора #Спораўскіяжарты #спорово #березовскийрайон #брестскаяобласть

♬ оригинальный звук — BEREZA.BY

Жанна МІРОШНІК

Фота Сяргея БАБРОВА

Відэа Аляксандры ДЗЕРБІС

Подписывайтесь на нас в Telegram!

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Поделиться

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: